10 чэрвеня 2026, Серада, 0:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік міністра эканомікі: «Выставы раскошы трэба ладзіць у закрытым фармаце» (Фота)

11

У Менску адкрылася першая міжнародная выстава раскошы ELITE EXPO-2008, якая працягнецца па 24 траўня. Мяркуючы па нешматлікай экспазіцыі і наведвальніках у першы VIP-дзень, багатых людзей у Беларусі альбо вельмі мала, альбо яны не цікавяцца раскошай публічна.

Зрэшты, некаторыя высокія чыноўнікі лічаць, што для першага разу мерапрыемства па прэзентацыі раскошы выглядае няблага, піша газета "Ежедневник".

Дырэктар Нацыянальнага выстаўнага цэнтра "Белэкспа" А.І.Лазука прызнаў, што пры фармаванні ELITE EXPO-2008 былі цяжкасці, але запэўніў, што такія выставы ў Беларусі будуць працягвацца да дасягнення вышыняў Масквы і Амстэрдама ў экспанаванні элітарных тавараў.

Цяпер жа больш-менш прывабным афармленнем вылучаліся выстаўныя пляцоўкі Святочнага бюро Ларысы Грыбалёвай, більярдавага салона "Руптур" і яшчэ некалькіх кампаніяў. Іншыя пастаўцы прадметаў і паслугаў класу люкс палічылі за лепшае паказваць эксклюзіўныя прадметы інтэр'еру, аксэсуары для свойскіх жывёлаў, ювелірныя аздобы, элітарнае хатняе ўбранне і антыкварыят па сціплых кутках, якія нагадваюць камерцыйныя шапікі. Прычым у адрасах пунктаў рэалізацыі тавараў, якія па ўсіх параметрах мусяць прадавацца ў буціках, часцяком значацца павільёны на гарадскіх рынках, інтэрнэт-спасылкі ці проста мабільны тэлефон.

Так, напрыклад, у адным з закуткоў выстаўнага павільёна ўпершыню ў Беларусі выставілі на агляд італьянскія акустычныя сістэмы Bolzano Villetri з аздабленнем з вельмі рэдкай пароды дрэва вавоны, дэталі корпуса якіх вырабляюцца ўручную. Кошт такой акустыкі складае сотні тысяч даляраў. Тым не менш хмурны, ускудлачаны мужчына каля такога прадмета раскошы на пытанне пра кантакты па набыцці працягнуў чорна-белую візітоўку з напісаным нумарам мабільнага тэлефона і імем Мікалай, пасля чаго цішком дадаў: "У мяне ёсць розная акустыка, можна паглядзець прыдатныя бюджэтныя варыянты. Падбярэм для вас і недарагія варыянты". Стэрэатыповых прыкметаў сапраўднай раскошы ў выглядзе дыяментаў і футраў адшукаць на ELITE EXPO-2008 не атрымалася.

Узровень жыцця публікі, што прыйшла паглыбіцца ў раскошу, можна было вызначыць нават па тым, што асноўная штурханіна ўтварылася каля фуршэтных сталоў з вельмі сціплай закускай і танным шампанскім, якія мясцовы бамонд, старанна прабіваючыся да стала, "размёў" за лічаныя хвіліны. Журналісты, якія спрабавалі ўхапіць рэшткі канапак пасля ўзяцця каментароў у прыгнечаных станам справаў арганізатараў ELITE EXPO-2008, зразумеўшы марнасць сваіх спробаў, нявесела жартавалі: "Ну вось і ежа стала раскошай!"

Тым часам у поле зроку наведнікаў VIP-мерапрыемства, якія пакончылі з каўбасой і агуркамі, патрапіла прыгожая піраміда з экстравагантных куфляў з граючай ад святла сафітаў каляровай вадкасцю на стэндзе Святочнага бюро Ларысы Грыбалёвай. "Элітарная" публіка кінулася туды навыперадкі. Дарма стэндыст, якія выскачыў да "вышэйшай грамады", старанна крычаў, бегаючы вакол натоўпу: "Не піце, гэта не кактэйль, а муляж - проста падфарбаваная вада для бачнасці!". Літаральна на вачах шкляная горка растала напалову, пакуль некалькі супрацоўнікаў не заклікалі ўсіх да парадку.

На адкрыцці выставы перад сабранымі першым выступіў намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Андрэй ТУР, які выказаў упэўненасць, што такія выставы ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве таксама патрэбныя, і пажадаў далейшых поспехаў арганізатарам. Праўда, у гутарцы з "Е" Андрэй Тур прызнаўся, што для сябе ён не пабачыў на выставе чагосьці раскошнага, тым не менш лічыць яе для першага разу ўдалай. Пры гэтым дадаў:

- У будучыні такія выставы варта ладзіць у закрытым фармаце. Аднак цяпер, у першы раз, трэба было б зрабіць агульны доступ для ўсіх ахвочых. Людзі мусяць мець магчымасць вольна купляць прадметы раскошы.

Супрацоўнікі АМАПу разглядаюць матацыкл на адкрыцці першай міжнароднай выставы раскошы ELITE EXPO-2008

Стэнд з рэтра-аўтамабілямі на адкрыцці першай міжнароднай выставы раскошы ELITE EXPO-2008

Стэнд з персідскімі дыванамі на адкрыцці першай міжнароднай выставы раскошы ELITE EXPO-2008

Адкрыццё першай міжнароднай выставы раскошы ELITE EXPO-2008

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках