Казахстан прапануе Расеі сяброўства безь Беларусі
8- 22.05.2008, 12:21
Першы свой замежны візыт у якасьці прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў зробіць у Казахстан. У часе паездкі ня выключанае падпісаньне шэрагу дамоваў, што закранаюць і беларускія інтарэсы.
Расейская прэса пасьпела назваць ваяж новаабранага прэзыдэнта ў Казахстан знакавым. Маўляў, такім чынам Расея дэманструе перавагу сваіх інтарэсаў на постсавецкай прасторы. Тым часам, як паведамляе «КоммерсантЪ», у ходзе перамоваў Нурсултан Назарбаеў мае намер узьняць пытаньне пра інтэграцыю эканомік Расеі і Казахстану. Фактычна, Назарбаем прапануе Маскве вярнуцца да ідэі Адзінай эканамічнай прасторы, піша выданьне. Але гэтым разам Астана настойвае на тым, што АЭП?2 варта будаваць без удзелу Беларусі і Ўкраіны, якія, паводле казахскіх уладаў, ня так спрыяюць інтэграцыйным працэсам, як замінаюць ім, піша “Наша Ніва”.
Расея мае ня менш амбіцыйныя пляны наконт Казахстану. Найперш у энэргетычнай сфэры. Казахстан яе цікавіць у якасьці аднаго з акцыянэраў нафтаправоду БТС?2. У Астану накіравалі адпаведныя прапановы і ня выключана, што яны будуць разгледжаныя ў часе сустрэчы ў Астане. Нагадаем, што 14 траўня новы прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін паведаміў, што нафтаправод усё ж будзе збудаваны.
Выбар Масквы на карысьць Астаны «Ъ» тлумачыць тым, што за час пуцінскага кіраваньня акрамя, як на прыкладзе Казахстану, не засталося на кім дэманстраваць посьпехі расейскай палітыкі ў СНД. Нават «на беларускім накірунку, не гледзячы на шматгадовае будаўніцтва саюзнай дзяржавы, становішча стабільна складанае».