Памежнікам загадана ўсміхацца на працы
49- 22.05.2008, 15:00
Беларускім памежнікам дадзена прамое ўказанне ўсміхацца падчас працы на пунктах пропуску.
Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі.
"Я пастаянна пры сустрэчы з падначаленымі даю ўказанне, каб памежнікі, якія працуюць на пунктах пропуску, ўсміхаліся людзям. Адышлі часы жалезнай заслоны, калі памежнікі падыходзілі да людзей з суровымі і непранікальнымі тварамі", - адзначыў І. Рачкоўскі.
Па словах старшыні Дзяржпамежкамітэта, меркаванне аб краіне ў замежнага грамадзяніна пачынае складацца з першай сустрэчы з прадстаўніком дзяржавы. "Таму немалаважна, каб нашыя памежнікі былі папросту прыгожымі людзьмі", - растлумачыў І.Рачкоўскі. Ён адзначыў, што для асабістага складу Дзяржпамежкамітэта ўводзяцца і новыя элементы формы вопраткі, паведамляе Інтэрфакс.