9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце будзе разглядацца рэзалюцыя па Беларусі

5

Еўрапейская народная партыя асуджае арышты палітычных апанентаў у Беларусі і падрыхтавала праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека.

“Сітуацыя з дэмакратыяй, правамі чалавека і вяршынствам закона не паляпшаецца, а наадварот, пагаршаецца. Беспадстаўныя арышты актывістаў апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці (уключна з нядаўнім затрыманнем і судом над экс-кандыдатам у прэзідэнта Аляксандрам Мілінкевічам) разам з ціскам на незалежныя СМІ супярэчыць рыторыцы беларускага ўраду аб яго жаданні палепшыць стасункі з Еўрапейскім Саюзам,” – гаворыцца ў заяве, распаўсюжанай Еўрапейскай народнай партыяй.

Камэнтуючы заяву, Яцэк Пратасевіч, старшыня парламенцкай дэлегацыі па стасунках з Беларуссю, адзначыў: “Цалкам відавочна, што выкананне дэмакратычных нормаў з’яўляецца галоўным ключавым момантам ў нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Пакуль беларускія ўлады трымаюць у турме Аляксандра Казуліна, затрымліваюць і арыштоўваюць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў, мы не можам паверыць у сур’ёзнасць іх намераў паляпшаць стасункі з ЕС”.

Еўрапейская народная партыя асуджае жорсткія прысуды Сяргею Парсюкевічу і Андрэю Кіму, вынесеныя 22 і 23 красавіка ў Менску за іх удзел у дэманстрацыі прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года; асуджае затрыманні журналістаў незалежных СМІ, вобшукі ў іх кватэрах, канфіскацыю і псаванне іх маёмасці супрацоўнікамі беларускіх спецслужбаў. Таксама выражае вялікае шкадаванне адносна шматразовага злоўжывання сілай органамі аховы парадку Беларусі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка 2008 года ў гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

“Мы заклікаем беларускія ўлады ўстрымацца ад усіх формаў ужывання сілы супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў,” – адзначаецца ў заяве.

Зараз самая буйная еўрапейская партыя падрыхтавала праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршынства закона, якая будзе разглядацца бліжэйшым часам у Еўрапейскім Парламенце.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках