Уга ня хоча фінансаваць друга
14- 23.05.2008, 8:44
Цікавыя звесткі пра аб'ём экспарту і імпарту Беларусі з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з'явіліся на сайце Міністэрства статыстыкі.
З прыведзеных лічбаў "Еўрарадыё" даведалася, што ў першым квартале таксама рэзка знізіліся аб'ёмы гандлю нашай краіны з ЗША і Кітаем. У Топ-15 лепшых партнёраў не ўвайшла, нягледзячы на шматлікія дамовы аб супрацы, ніводная з краінаў арабскага свету. Няма там і Венесуэлы.
Паводле звестак Мінстата, за першыя тры месяцы 2008 года двухбаковы гандаль Беларусі і ЗША знізіўся амаль удвая і склаў усяго 77,3 мільёны даляраў. Спрабуючы знайсці прычыну такога рэзкага змяншэння таваразвароту, галоўны эканаміст упраўлення каардынацыі замежнагандлёвай дзейнасці і стварэння тавараправоднай сеткі за мяжой Міністэрства гандлю Вольга Савельева сказала адно слова: "Белнафтахім".
"Вы ж разумееце, "Белнафтахім" і ўсё такое…", -- сказала спецыяліст.
На 30% зменшыўся гандаль Беларусі з Кітаем і склаў у 1 квартале 69,8 мільёнаў даляраў. Але патлумачыць гэты факт для "Еўрарадыё" супрацоўніца Мінгандлю не змагла. А ўдакладняць, якім чынам гандаль з Бразіліяй вырас амаль у 5 разоў і дасягнуў 108,7 мільёнаў даляраў, не схацела.
Але затое яна патлумачыла, чаму шматлікія, ужо падпісаныя, гандлёвыя дамовы з краінамі арабскага свету і Венесуэлай не паспрыялі павелічэнню таваразвароту Беларусі з гэтымі краінамі.
"Тое, што краіна падпісала дамовы, гэта яшчэ не значыць, што адразу з гэтымі краінамі будуць вялікія аб'ёмы гандлю. Дамовы - дамовамі, а грошы - грашыма", -- адзначыла Вольга Савельева.
Сітуацыю зніжэння гандлю са Злучанымі Штатамі эканаміст Леанід Злотнікаў нават каментаваць не стаў. Маўляў, пасля ўвядзення санкцыяў і так усё ясна. З Кітаем жа, кажа ён, сітуацыя іншая - ім дастаткова купіць, да прыкладу, адзін трактар, каб праз пару месяцаў распачаць вытворчасць сваіх "аналагаў".
"Што мы можам пастаўляць Кітаю? Машынабудаўнічыя тавары яны робяць цяпер самі і робяць лепш за беларусаў. Калі раней мы маглі пастаўляць у Кітай грузавікі і трактары, то цяпер яны бяруць адзін-два асобнікі трактара і потым робяць свой. Такія ўжо кітайцы! Тавары хімічнай прамысловасці яны таксама вырабляюць цяпер самі. Металапрадукцыю вырабляюць самі і сталі экспарцёрам яе ва ўсім свеце. Прыборабудаванне, электроніка, лёгкая прамысловасць - усе мы ведаем, што Кітай вырабляе сам. Што нам тады экспартаваць?! Мы экспартуем калійныя ўгнаенні, і колькі трэба, Кітай бярэ. Ёсць пэўны спіс іншых тавараў, але аб'ёмы іх невялікія", -- паведаміў Леанід Злотнікаў.
Што да Венесуэлы, то, на думку эканаміста, развіццю гандлю з ёй нам перашкаджаюць два фактары - адлегласць і нізкая пакупная здольнасць гэтай краіны.
"А што Венесуэла? Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва там не большы, чым у Беларусі. Краіна не такая ўжо багатая, далёкая. Можа, і будзе там нейкі гандаль наладжаны. Тэлевізары дамовіліся пастаўляць, але яны не такія якасныя і не такія танныя, як тэлевізары іншых краінаў. Няма падставаў, каб гандаль павялічваўся", -- лічыць эканаміст.
Па словах эксперта, няма чаго нам прапанаваць і краінам арабскага свету. Асабліва з улікам таго, што ў далёкае замежжа мы экспартуем пераважна сыравіну.
"Калі ўзяць пачатак гэтага года, то 71% у далёкае замежжа, гэта нафтапрадукты і 7% -- калійныя ўгнаенні. Але якія нафтапрадукты будуць браць у нас Арабскія Эміраты?", -- пытае Леанід Злотнікаў.
Асэнсоўваць поспехі ў гандлі з Бразіліяй эканаміст параіў у канцы года. Калі стане ясна, што гэта не вынік разавай пастаўкі тавараў, а стабільныя гандлёвыя ўзаемаадносіны. І пашкадаваў беларускіх чыноўнікаў, якіх Лукашэнка прымушае шукаць па свеце кантракты на пастаўкі вырабаў айчыннай вытворчасці. Маўляў, трэба вытворчасць паляпшаць і асартымент змяняць, а не спрабаваць прадаць тое, што нікому не трэба.
"Калі вытворчасць не ўласная, калі маёмасць дзяржаўная, то цяму не будзе. Як тут не ганяй гэтых службоўцаў. Трэба, каб была канкурэнтаздольная прадукцыя, каб былі дзяржаўныя інвестыцыі, былі фірмы і транснацыянальныя карпарацыі, якія б тут і выраблялі нешта, і самі гандлявалі гэтым. Тады была б іншая справа. А так…", -- кажа Леанід Злотнікаў.