Аляксей Янушэўскі: «Абараніць свой голас грамадзяне Беларусі змогуць толькі на Плошчы»
8- 28.05.2008, 13:04
Пад лёзунгам “Ня выбары, але плошча!” арганізацыя “Малады Фронт” абвесьціла байкот восеньскім парлямэнцкім выбарам. Эфэктыўнасьць гэтай страгэгіі растлумачыў у інтэрвію "Белгазэце" актывіст “Маладога Фронту” Аляксей Янушэўскі.
- Чаму вы байкатуеце выбары?
- Гэта ня выбары, а фарс. Лукашэнка нядаўна абвясьціў, што ня будзе супраць, калі некаторыя апазыцыянеры пройдуць у “парлямэнт”. Для чаго гэта робіцца? Эканамічная сытуацыя ў краіне вельмі цяжкая: амэрыканцы замарозілі рахункі "Белнафтахіма", ідзе ціск з боку Расеі. Трэба дамаўляцца з Захадам наконт нейкіх крэдытаў. Гэта магчыма толькі пры вызначанай дэмакратызацыі краіны.
Верагодна, што ў “парлямэнт” дапусьцяць некалькі т.з. "апазыцыянераў", якія нічога ня будуць вырашаць, але бачнасьць легітымнасьці “парлямэнта” ў вачах Захаду забясьпечаць. У той жа час застануцца ў турмах палітвязьні, працягнуцца рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і перасьлед моладзі. Мы ня можам заклікаць грамадзян удзельнічаць у гэтым фарсе і ў чарговы раз забяспечваць легітымнасьць цяперашняй улады.
- Ёсьць у вас праграма дзеяньняў на перыяд байкоту?
- Наш самы галоўны лёзунг: "Ня выбары, а плошча!". Абараніць свой голас грамадзяне Беларусі змогуць толькі на плошчы. Зразумела, што ў назіральныя камісіі не дапусцьцяць апазыцыйных дзеячоў або незалежных назіральнікаў, хіба што расейскіх, якія зноў скажуць, што фальсыфікацыі не было. Будзе арганізаваная вельмі маштабная агітацыйная кампанія: размовы з насельніцтвам, агітпрадукцыя, выступы дзеячаў апазыцыі, якія падтрымліваюць байкот, публікацыі ў СМІ.
У 2000 годзе пасьля правільнага правядзеньня кампаніі байкоту ў грамадзтве быў адчувальны запал! Нагадаю: 1999-2000 гг. - гэта гады самых масавых акцый апазыцыі за апошнія 10 гадоў.
- Але вы губляеце магчымасьць легальных зносін з выбарнікамі…
- Ніхто нам не забараняе ісьці да людзей, распаўсюджваць свае ідэі і друкаваныя матэрыялы. Чалавек, які жадае данесьці інфармацыю, данясе яе. Пры актыўнай агітацыі ўсё роўна будуць затрыманьні. Нават кандыдаты, якія ўдзельнічаюць у выбарах, іх не пазьбегнуць
- Як вам ідэя АДС аб водгуку кандыдатаў адзінага сьпісу. Калі патрабаваньне да кампаніі ня будуць выкананыя?
- Толькі наіўныя аптымісты вераць, што патрабаваньні будуць выкананыя. Таму заява ў стылю "За некалькі дзён да выбараў мы зьнімем кандыдатаў" - пустыя словы. Яны проста заблытаюць людзей.
Як паказалі мінулыя кампаніі, моладзевыя арганізацыі накшталт МФ здольныя прадпрымаць ня толькі актыўныя вулічныя дзеяньні.