9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа Зэльцэра: Спачатку падробныя дакументы, а цяпер наркотыкі?

21

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі распачаў крымінальную справу аб кантрабандзе і незаконным абарачэнні наркотыкаў адносна грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра.

Пра гэта паведамілі "Інтэрфаксу" у КДБ Беларусі.

"Адносна Э.Зэльцэра распачата крымінальная справа па ч. 2 арт.228 (кантрабанда наркатычных сродкаў) і ч. 1 арт. 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсараў) Крымінальнага кодэкса Беларусі", паведамілі ў КДБ.

Справа адносна амерыканскага грамадзяніна перададзена ў суд.

"У Зэльцэра было забрана больш за 100 таблетак, якія ўтрымлівалі наркатычныя і псіхатропныя рэчывы", — паведаміў кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Надтачаеў.

Э.Зэльцэр быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка ў Менску. Яму было высунута абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 380 "Выкарыстанне загадзя падробнага афіцыйнага дакумента, які надае правы, групай асобаў па папярэдняй змове" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Цяпер Э.Зэльцэр знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ у Менску.

Нагадаем, што Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення амерыканскага адваката. Адміністрацыя Джорджа Буша паведаміла пра пагаршэнне здароўя Эмануіла Зэльцэра ў ізалятары КДБ.

25 красавіка консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным у Менску амерыканскім адвакатам.

Па словах консула, Зэльцэр паведаміў ёй, што "на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі". Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.

Па выніку наведвання Зэльцэра амерыканскі консул скіравала справаздачу ў Вашынгтон, пасля чаго ў Дзярждэпартамент быў запрошаны часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках