Дакладчык ПАРЕ: Толькі слабыя ўрады душаць свабоду слова
2
8:34, — Палітыка
У сусветны дзень свабоды друку Парламенцкая асамблея Рады Еўропы крытыкуе ўлады Беларусі за парушэнне свабоды слова.
Напярэдадні Сусветнага дня свабоды друку дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па пытаннях свабоды СМІ Эндру Макінтош (Вялікабрытанія) заявіў: "Толькі слабыя ўрады карыстаюцца законам, каб заглушыць палітычныя і сацыяльныя дэбаты ў сродках масавай інфармацыі". Пра гэта паведаміў БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ПАРЕ.
"Калі ў СМІ не знаходзіцца месца для дыскусій, апазіцыі даводзіцца сыходзіць у падполле ці хавацца за межамі краіны. Гэта добра відаць на прыкладзе Беларусі, аднак маецца яшчэ цэлы шэраг дзяржаў – сябраў Рады Еўропы, якія таксама не выконваюць свае абавязанні адпаведна артыкула 10 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека", - адзначыў Э.Макінтош.
Па ягоных словах, магчымасць выказваць крытычныя думкі з'яўляецца належнай умовай дэмакратыі. "Таму нам патрэбны больш ажыўленыя палітычныя дэбаты ў сродках масавай інфармацыі. Заканадаўства аб СМІ мусіць улічваць гэтую дэмакратычную свабоду", - лічыць дакладчык ПАРЕ.
ПАРЕ прыняла шэраг рэзалюцый і рэкамендацый, у якіх падкрэсліваецца, што нельга змяшчаць у турму апазіцыйных журналістаў, нагадаў Э.Макінтош. "За паклёп нельга караць СМІ ажно да зачынення. Нельга мець заканадаўства, якое разглядае абразу нацыі як крымінальнае злачынства. Нельга даваць дзяржаўным службовым асобам права накладаць адміністрацыйныя санкцыі на сродкі масавай інфармацыі, падмяняючы незалежныя суды. Нельга манапалізаваць сродкі масавай інфармацыі, абмяжоўваючы спектр выказваных у іх меркаванняў. Асамблея працягне змагацца за захаванне дэмакратычных свабодаў - уключаючы свабоду сродкаў масавай інфармацыі - шляхам канструкцыйнай палітычнай крытыкі, калі гэта неабходна. Умацаванне дэмакратыі і правоў чалавека з'яўляецца асноўнай мэтай Рады Еўропы", - заявіў Э.Макінтош.
У сярэдзіне красавіка дакладчык ПАРЕ выступіў з адмысловай заявай, у якім заклікаў беларускія ўлады паважаць права на свабоду слова кожнага грамадзяніна, асабліва журналістаў. "Дзяржаўная прапаганда, адсутнасць свабоды СМІ і рэпрэсіі супраць свабоды меркаванняў недапушчальныя для дэмакратыі", - заявіў Э.Макінтош.
Сусветны дзень свабоды друку адзначаецца 3 траўня.




