Свастыка для Курапатаў
6
15:39, Уладзімір Халіп — Палітыка
Усё подлае адбываецца ў цемры. Некалькі падонкаў падышлі да сядзібы БНФ. І намалявалі свастыку. А ў дадатак яшчэ і надпіс: “Минск русский город”.
Выпадкова ўсё тое ўбачыў курсант міліцэйскай вучэльні. Не, ён не ўвязаўся ў няроўную бойку. І не прывёў скручаных вырадкаў у пастарунак. Гэта ж не тэлесерыял, а паўсядзённае жыццё. Ён толькі патэлефанаваў па адпаведным нумары. І на тым дзякуй. Малады, дасведчаны не надта. Яшчэ не ўсвядоміў, чым адрозніваецца парадак ад новага парадку. І тых, хто малюе свастыку, тут ужо ніхто не ловіць.
А вось міліцыя, якая не па сваёй ахвоце пачала расследванне таго здарэння, выдатна ўсё ведала. Калі б курсант заўважыў маладафронтаўцаў, якія распаўсюджвалі ўлёткі, то нікуды б ім не ўцячы. Уся моц дзяржавы ўстала б на іх шляху. І сядзець бы ім на Акрэсціна, а то і ў Жодзіна ці Шклове. А да гэтых чаго чапляцца? Яны ж не крэмзалі крамолу кшталту “Жыве Беларусь!” Напісалі тое, што і без іх службоўцам даўно ўжо вядома. А свастыка…
Вунь у Курапатах амаль у той жа час з капліцы сарвалі асвечаны абраз. А крыху раней нават выяву Маці Божай аздобілі ўсё той жа свастыкай. Неадольная цікавасць да абразоў. А як жа інакш – духоўная краіна. Што ні свята, натоўпамі імкнуцца да царквы. Але запэцкаць фарбаю абраз у Курапатах – без праблем! Жаданне дагадзіць Начальніку мацней за страх перад Богам.
Хуліганы? Ды які ж дурань дзеля гэткай брыдоты папрэцца ноччу ў жудаснае месца – Курапаты. А раптам устануць там забітыя? Больш, здаецца, няма каму абараніць спакой пакутнікаў у тым лесе. Не, зусім не выпадкова там адбываюцца няспынныя дзікунствы. Каб здзейсніць у тым урочышчы такую процьму злачынстваў, патрэбны надзейныя тылы. І ўся моц нячыстай сілы. Той самай, якая загнала ў зямлю ўсё лепшае ў Беларусі, пакінуўшы папуляцыю нашчадкаў катаў ды маўклівых баязліўцаў. Усім іншым няма тут месца. І пра тое ім нагадваюць улады на кожным кроку.
Таму і вартавыя парадку даюць рашучы адлуп нахабнікам з БНФ, якія патрабуюць расследавання інцыдэнту са свастыкай. Дзе тут увогуле парушэнне парадку? З цярплівасцю выхавацеля дзіцячага садка Савецкі РАУС тлумачыць цёмным бэнээфаўцам: “В действиях не установленных лиц отсутствует состав преступления предусмотренного ст.339 УК Республики Беларусь, так как в ходе проверки не были полученные данные о том, что они были направлены на грубое нарушение общественного порядка и такого за собой не повлекли”.
Як пішуць!.. Апошні дурань зразумее, што “Минск русский город”. І праведны гнеў, якім дыхае кожны праваахоўны радок, таксама зразумелы. Гэткіх зухаў тут міліцыя не крыўдзіць. І ўначы не ловіць. А вось калі чужыя наважацца выйсці – тады перад імі такая ўздымецца камуфляжная хваля, што белага свету не ўбачаць. Першага мая, дарэчы, адбыўся падобны інцыдэнт. Каля ўсеабдымнай Бібліятэкі. Дзе папсой і півам цешыўся святочны натоўп. Нездарма ж тую культурную ўстанову з цэнтру горада пераносілі на зялёную прастору. Там, каля былой бібліятэкі, хіба можна было простаму чалавеку шашлык засмажыць ды з бутэлькай на газоне паляжаць? А тут – калі ласка! Свята Працы. Пітво – ракой. Закусі – мора. Папса рыхтуецца да старту. Нейкі прамоўца натхнёна прамаўляе, што зноў, як заўсёды, нешта там “калякціў перавыпалніл”. І раптам з’яўляюцца нейкія людзі з незразумелымі сцягамі. Каб павіншаваць мінчукоў са святам. Мала таго, дык яшчэ той, хто збіраўся віншаваць, як будзе потым адзначана ў міліцэйскім пратаколе, “размахивал синим флагом с желтыми звездами”. Вось так, знянацку, збіраліся ў працоўных адабраць іх доўгачаканае свята. Ды што з іх узяць – чужыя!
Але амап, як і заўсёды, быў на месцы. Непажаданых гасцей кінулі на зямлю. Потым грымнулі дзвярыма аўтазакі. У імгненне вока скончылася ўсё. Нейкая цётка толькі паспела вымавіць: “Снова апазицыя!”
І цётку тую, і натоўп святочны можна зразумець. Тым, хто закусвае ў цяньку бібліятэкі, працэс спажывання парушаць не варта. У такіх выпадках натоўп – на баку амапа. Дзіўна іншае.
Службоўцы, людзі ў пагонах, ірвуць і топчуць ботамі сцягі Еўразвязу. Збіваюць, кідаюць за краты людзей, якія выйшлі з тымі сцягамі на міжнароднае свята. Сымбаль еўрапейскага яднання публічна зняважаны і растаптаны. Не ў глухім кутку свету. У цэнтры Еўропы. І ніводная з яе краін на акт дзікунства ўвагі не звярнула. Не пажадала заўважыць.
А можа, сапраўды гэта дробязь? Растапталі сцягі. Схапілі тых, хто іх нёс. Але ж не адвезлі ў Курапаты, не расстралялі. Чаго хвалявацца?
Казаў жа некалі знакаміты расійскі палярнік, акадэмік Чэленгараў, наведаўшы Мінск: “А мне внушали, что у вас тут по подъездам фашизм ползает!”
Не, тут фашызм не поўзае. Ён паціху крадзецца ў цемры, якая аднойчы абрынулася на Беларусь. Ён убогі яшчэ, правінцыйны. Як ўсё нікчымнае, яго нават не заўважаюць. А потым, калі заўважаць, ужо будзе позна.




