9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адміністрацыя Буша: «Беларускі ўрад баіцца ўласнага народа»

9

Адміністрацыя Джорджа Буша лічыць "недарэчнымі" абвінавачанні ў шпіянажы, высунутыя Беларуссю супраць ЗША. Пра гэта заявіў 5 траўня ў Вашынгтоне намеснік прэс-сакратара дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі.

"Беларускі ўрад баіцца ўласнага народа. Яны баяцца нас і ўсіх тых, хто гатовы выступіць у падтрымку дэмакратыі", - сказаў Т.Кейсі.

Каментуючы заяву КДБ, прадстаўнік Дэярждэпартамента выказаў думку, што ўлады Беларусі "зноў і зноў пацвярджаюць гэта сваімі дзеяннямі, такімі як скарачэнне нашага персаналу ці гэтыя недарэчныя абвінавачанні".

"Яны знаходзяць любыя апраўданні, каб спрабаваць адвесці ўвагу ад таго, што ёсць сапраўднай праблемай, - сказаў Т.Кейсі. - Гэтыя абвінавачанні, новыя, старыя або яшчэ якія - проста хлуслівыя і неабгрунтаваныя, яны з’яўляюцца слабым апраўданнем для скарачэння нашага персаналу".

Т.Кейсі заявіў, што яму невядома пра якія-небудзь кантакты па афіцыйных каналах паміж урадамі ЗША і Беларусі ў сувязі з заявамі беларускіх уладаў аб спыненні спробы стварэння "шпіёнскай сеткі".

4 траўня ў вечаровым эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала КДБ агучыў некаторыя падрабязнасці гісторыі з выкрыццём шпіёнскай сеткі ЗША у Менску. Пра раскрыццё сеткі 23 сакавіка паведаміў Першы канал. Амаль усіх чальцоў групы затрымалі нібыта яшчэ 13 сакавіка на канспіратыўнай кватэры, "уладкаванай у паўкіламетры ад дыпмісіі ЗША". У сюжэце гаварылася, што група арганізавана амерыканскім дыппрадстаўніцтвам у Менску з ліку беларускіх грамадзян. У яе склад уваходзіла каля 10 чалавек, а задачай з'яўляліся збор і перадача амерыканскаму боку звестак для выкарыстання на шкоду Беларусі. Атрыманыя звесткі, па інфармацыі аўтараў сюжэту, перадаваліся куратару - кадраваму супрацоўніку ФБР, які працаваў у амбасадзе Злучаных Штатаў. У сюжэце былі названы імёны двух супрацоўнікаў амбасады - Курт Фінлі і Бернард Ніксан.

Як заявіў 4 траўня начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў, спецслужбы своечасова прадухілілі стварэнне ў краіне шпіёнскай сеткі пад кіраўніцтвам аташэ амбасады ЗША. "Шпіёнскай сеткай гэтая група не стала выключна з прычыны своечасовага ўмяшання беларускіх кампетэнтных органаў. На ранняй стадыі атрымалася спыніць спробы ўцягвання беларускіх грамадзян у злачынную дзейнасць па артыкуле - здрада дзяржаве ў форме шпіянажу", - адзначыў прадстаўнік КДБ.

Па ягоных словах, пад кіраўніцтвам аташэ па бяспецы амбасады ЗША кадравага супрацоўніка ФБР Курта Фінлі была створана група з прыцягненнем беларускіх грамадзян для збору і перадачы інфармацыі амерыканскаму боку. Былі знойдзены канспіратыўная кватэра, фотаапараты, біноклі, відэакамеры, тэлефоны, якія выкарыстоўваліся ў працы.

К.Фінлі, па версіі В.Надтачаева, пільна пакінуў межы Беларусі.

Адносна беларускіх грамадзян, залучаных у супрацьпраўную дзейнасць, прынята рашэнне абмежавацца мерамі прафілактычнага характару.

У інтэрв'ю БелаПАН 24 сакавіка часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур заявіў: "У нас няма шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі". Па ягоных словах, К.Фінлі і Б.Ніксан з'яўляюцца супрацоўнікамі аховы амбасады ЗША, але не супрацоўнікамі ФБР.

Абвастрэнне беларуска-амерыканскіх зносінаў пачалося ў сакавіку пасля змяшчэння на афіцыйным сайце Мінфіна ЗША заўвагаў да санкцый, уведзеных у лістападзе 2007 года адносна канцэрна "Белнафтахім". 7 сакавіка з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка з патрабавання беларускага боку Менск пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Пасля амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Менск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў, працу працягнулі 15 супрацоўнікаў. Яшчэ 11 амерыканскіх дыпламатаў пакінулі Менск з патрабавання беларускага боку 3 траўня.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках