Мядзведзеў афіцыйна стаў прэзідэнтам Расеі (Фота)
4- 7.05.2008, 11:34
Дзмітры Мядзведзеў афіцыйна ўступіў у пасаду прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. Урачыстая цырымонія ўступу ў пасаду адбылася ў сераду ў Вялікім Крамлёўскім палацы.
У Крамлі Д.Мядзведзеў у якасці прэзідэнта Расеі прынёс прысягу на Канстытуцыі краіны.
Тэкст прысягі абвяшчае: "Клянуся пры ажыццяўленні паўнамоцтваў Прэзідэнта Расейскай Федэрацыі паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Расейскай Федэрацыі, абараняць суверэнітэт і незалежнасць, бяспеку і цэласнасць дзяржавы, верна служыць народу".
Д.Мядзведзеў прамовіў гэтыя словы, паклаўшы правую руку на адмыслова выраблены асобнік афіцыйнага тэксту Канстытуцыі РФ, які разам са штандарам і знакам прэзідэнта адносіцца да сімвалаў прэзідэнцкай улады ў Расеі.
Пасля гэтага старшыня КС РФ Валеры Зоркін абвясціў, што Д.Мядзведзеў афіцыйна ўступіў у пасаду прэзідэнта Расеі.
На цырымоніі інаўгурацыі прысутнічалі прадстаўнікі выканаўчай, заканадаўчай, судовай галінаў улады, асноўных рэлігійных канфесій, замежныя амбасадары, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і журналісты.
Цырымонія інаўгурацыі трэцяга прэзідэнта Расеі прайшла па сцэнары, аналагічным таму, што быў у 2000 і 2004 гг. пры ўступе ў пасаду У.Пуціна, паведаміў "Інтэрфаксу" галоўны геральдмайстар краіны Георгі Вілінбахаў.
Па сцэнары абраны прэзідэнт заходзіць у Георгіеўскую залу, пасля ідзе па Аляксандраўскай зале і ўздымаецца на подыюм у Андрэеўскай зале. Перад гэтым у Андрэеўскую залу ўносіцца дзяржаўны сцяг Расеі і прэзідэнцкі штандар.
Пасля вайскоўцы роты Ганаровай варты ўносяць у залу Канстытуцыю Расеі і Знак прэзідэнта РФ - ордэн "За заслугі перад Айчынай" першай ступені. Гэты ордэн не з'яўляецца ўзнагародай, а ўвасабляе знак вышэйшай дзяржаўнай улады ў Расеі.
Пасля гэтага на подыюм у Андрэеўскай зале ўздымаюцца старшыня Канстытуцыйнага суду Расеі, старшыні Рады Федэрацыі і Дзярждумы.
Старшыня Канстытуцыйнага суду запрашае абранага прэзідэнта да прысягі, тэкст якой вызначаны Канстытуцыяй Расеі.
Пасля сканчэння прыняцця прысягі выконваецца дзяржаўны гімн Расеі. У гэты час над купалам прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Крамлі ўздымаецца штандар кіраўніка дзяржавы. Пасля прэзідэнт выступае з інаўгурацыйнай прамовай. Пасля яе сканчэння ладзіцца артылерыйскі салют з 30 залпаў.
Пасля сканчэння цырымоніі на Саборнай плошчы перад Вялікім Крамлёўскім палацам кіраўнік дзяржавы павітаўся з асабістым складам Прэзідэнцкага палка.
Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Алексій II у дзень інаўгурацыі Д.Мядзведзева, па традыцыі, адслужыў набажэнства ў Благавешчанскім саборы Крамля - ранейшым сямейным храме маскоўскіх князёў.