Менгарвыканкам забараніў акцыю памяці генерала Захаранкі
- 7.05.2008, 12:56
Удава выкрадзенага аператара ОРТ Зміцера Завадзкага Святлана атрымала адмову на заяву аб правядзенні 7 мая ў Менску пікета, прымеркаванага да дзевятай гадавіны знікнення генерала Юрыя Захаранкі.
Як паведаміла Святлана Завадзкая «Народной волі», 21 красавіка яна падала заяву на правядзенне пікета 7 мая 2008 года ў дзень выкрадання Юрыя Захаранкі.
Мэта пікета – прыцягненне ўвагі грамадскасці да таго, што ўжо напрацягу многіх год не робіцца рэальнага расследавання справаў зніклых вядомых людзей у Беларусі, а таксама да неабходнасці прыняцця і ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў. Дадзеная канвенцыя — гэта дадатковыя гарантыі жыхарам Беларусі ад гвалтоўных знікненняў і іншых парушэннем іх права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.
«Складана было чакаць станоўчага рашэння, але мной і маімі аднадумцамі было прынятае рашэнне ўсё ж такі падаць такога кшталту заяву. Менгарвыканкам адказаў адмовай, спасылаючыся на Закон Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», у прыватнасці на тое, што не дапушчаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэна», - паведаміла С.Завадзкая.
Па яе словах, адмова Менгарвыканкама нематываваная і супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі, таму яна намераная абскардзіць яе на судзе. «Хаця мне таксама не вельмі зразумела, чаму раптам Менгарвыканкам вырашыў, што пікет будзе адбывацца менавіта на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэна. Я паспрабую гэта высветліць. І не толькі гэта, але і шмат іншых момантаў, што маюць месца ў законе «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», які сур’ёзна абмяжоўвае свабоду выражэння і супярэчыць міжнародным абавязкам, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь, падпісаўшы Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму дадзенае рашэнне я намераная абскардзіць у судзе», - заявіла Святлана Завадзкая.