Брытанія хоча бачыць Украіну ў ЕЗ і НАТА
13:42, — У свеце
Вялікабрытанія падтрымлівае імкненне Ўкраіны стаць сябрам Еўрапейскага Звяза і НАТА.
Як паведамілі ў амбасадзе Вялікабрытаніі ва Ўкраіне, аб гэтым заявіў міністр па справах Еўропы Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі Джым Мерфі пад час дэбатаў у парламенце ў Вэстмінстэр Холе, на якіх абмяркоўваліся пытанні Ўкраіны і двухбаковых брытанска-ўкраінскіх адносінаў.
“У іншых еўрапейскіх сталіцах адчуваецца некаторая стома адносна пашырэння ЕЗ, але мы ў Лондане не адчуваем гэтай стомы, урад не адчувае яе і, справядліва сказаць, падаецца, што яе не адчувае ніводная апазіцыйная партыя. Я ўпэўнены, як і ўвесь урад, што ў нашых уласных стратэгічных інтарэсах, каб Украіна своечасова стала поўным, раўнапраўным сябрам ЕЗ. Мы не ўсталёўваем часовыя рамкі – гэта было б няправільна з нашага боку, таму што працэс уваходу залежыць ад выканання ўмоваў – але мы ўпэўненыя, што калі з часам Украіна будзе адпавядаць неабходным крытэрам, яна павінна атрымаць поўнае членства ў ЕЗ. Еўрапейская палітыка суседства, якая з’яўляецца важнай, не павінная ўспрымацца як альтэрнатыва членства ў ЕЗ”, - сказаў Мерфі.
Па ягоных словах, Вялікабрытанія павінная дапамагчы Ўкраіне стаць сябрам Паўночнаатлантычнага альянсу.
“Давайце дакладна ўсведамляць, што менавіта будзе абвешчана на саміце НАТА. Ніводная трэцяя краіна не мае і не будзе мець права накладаць вета на імкненне Ўкраіны стаць сябрам НАТА. Саюзнікі НАТА пагаджаюцца, што Ўкраіна стане сябрам НАТА, і што мы павінныя дапамагчы ёй дасягнуць гэтай мэты як мага хутчэй”, - сказаў міністр.
Па ягоных словах, Злучанае Каралеўства чакае візіту Прэзідэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі і будзе працягваць шчыльна працаваць з Украінай дзеля агульнай мэты і інтарэсаў.
“Між двума нашымі народамі існуе моцнае, доўгае сяброўства, якое, як мы лічым, можа толькі ўзмацняцца дзякуючы бесперапыннаму дыялогу”, - падкрэсліў Мерфі.
Ён таксама адзначыў, што Ўкраіна з’яўляецца стратэгічным партнёрам Злучанага Каралеўства ў свеце, “і мы рашуча настроеныя на самае шчыльнае супрацоўніцтва і ў канцавым выпадку хочам бачыць Украіну ў ЕЗ і НАТА”.
Як паведамлялася, прэзідэнты краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы адзінадушна выказаліся за прыняцце ўсіх всех балканскіх краінаў і Ўкраіны ў Еўрапейскі Звяз і НАТА.
Раней, 23 красавіка міністры замежных справаў Вішаградскай чацвёркі заявілі аб падтрымацы курса Ўкраіны на еўраатлантычную інтэграцыю.




