Беларусы прабіліся ў другі этап чэмпіянату свету па хакеі
7
8:29, — Спорт
У вырашальным матчы за выйсце ў кваліфікацыйны раунд каманда Беларусі абыграла зборную Францыі з лікам 3:1.
Беларусы разам з камандамі Швецыі і Швейцарыі ў барацьбе за выйсце ў чвэрцьфінал згуляюць са зборнымі Расеі, Чэхіі і Даніі.
Беларусы мелі перавагу ў сустрэчы з французамі, якія здзейснілі першы кідок па браме супернікаў толькі праз 14 хвілін пасля пачатку сустрэчы. Аднак абедзве каманды, якім была неабходна перамога, надалі падвышаную ўвагу абароне, таму небяспечных момантаў каля брамы супернікаў узнікала не так шмат.
Лік у гэтай сустрэчы адкрыў лідэр беларускай каманды Аляксей Калюжны, якому на 13-й хвіліне дапамагалі браты Андрэй і Сяргей Касціцыны, гульцы "Манрэалю". Французы адыграліся за сем секунд да сірэны на сканчэнне першага перыяду, прычым у гэты момант яны былі ў меншасці. Аліўе Какукс з-за лініі брамы рыкашэтам ад канька брамніка Віталя Каваля даслаў шайбу ў сетку.
У другім перыядзе вялася гульня з узаемнымі шанцамі, адзін з якіх рэалізавалі беларускія хакеісты. На 28-й хвіліне Аляксей Угараў перайграў галкіпера французаў Крыстабаля Юэ і вывеў сваю каманду наперад.
У заключным перыядзе Юэ быў лепшым у складзе абедзвюх камандаў, але на апошняй хвіліне, калі брамнік зборнай Францыі паехаў да лавы запасных, каб замяніцца на шостага палявога гульца, Андрэй Касціцын перахапіў шайбу ў сярэдняй зоне і паразіў пустую браму, вызначыўшы канчатковы лік.
Зборная Беларусі працягне барацьбу за выйсце ў чвэрцьфінал, а французаў чакаюць гульні за права застацца ў групе наймацнейшых камандаў свету.
А пераможцам "беларускай групы" сенсацыйна стала зборная Швейцарыі. У заключным матчы першага групавога этапу швейцарцы ўзялі верх над шведамі -- 4:2 (2:1, 0:0, 2:1). Такім чынам, у наступны групавы раунд зборная Швейцарыі выйшла з шасцю прэміяльнымі ачкамі, зборная Швецыі задаволілася трыма.




