9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх мільянераў хочуць выцягнуць з падполля

5

На Міжнароднай выставе раскошы ELITE EXPO-2008, якая пройдзе ў канцы траўня ў Менску, будуць прэзентаваны тавары і паслугі коштам ад $2 тыс. да $1 млн. На выставу запрасілі не толькі прадстаўнікоў бізнэсу, але і высокапастаўленых палітыкаў.

"Кошт самага таннага прадмета раскошы, прэзентаванага на выставе, будзе складаць каля $2 тысяч: гэтая халодная зброя ручной працы. А самымі дарагімі экспанатамі стануць катэджы ў элітным пасёлку пад Менскам - іх кошт дасягае $1 млн", - паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік праекту Сяргей Касталонаў.

Па ягоных словах, на сёння пацвердзілі ўдзел у выставе каля 50 фірмаў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці і продажы прадметаў і паслугаў класу "люкс". "Імі занята пад 80% плошчаў выстаўнага комплексу, так што ў фірмаў, якія здолеюць пацвердзіць свой статус, яшчэ ёсць магчымасць стаць удзельнікамі выставы", - падкрэсліў С.Касталонаў.

Адкрыццё выставы плануецца зладзіць ў фармаце гала-паказу 21 траўня ў 18.00. "Мы плануем запрасіць на гэтую выставу максімальную колькасць зацікаўленых асобаў - будзе разаслана пад 5 тыс. запрашальнікаў - у тым ліку і ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы і прадстаўнікам палітычнай эліты нашай краіны", - падкрэслілі арганізатары выставы.

Як сцвярджаюць арганізатары, асноўнай задачай выставы з'яўляецца не толькі знаёмства патэнцыйных спажыўцоў прадукцыі класу "люкс" з яе вытворцамі і пастаўцамі, але і магчымасць для "простага пакупніка дакрануцца да свету раскошы".

Ва ўсё 4 дні працы выставы будуць ладзіцца разнастайныя культурныя імпрэзы. Так, адзначыў С.Касталонаў, у другі дзень, 22 траўня, запланавана некалькі аўкцыёнаў, у тым ліку і дабрачынных. Сама выстава будзе падзелена на некалькі тэматычных "салонаў", у якіх можна будзе ўбачыць і набыць ювелірныя вырабы, антыкварыят, элітную нерухомасць, аўтамабілі і іншыя тавары і паслугі найвышэйшага ўзроўню якасці.

Як паведаміў журналістам намеснік генеральнага дырэктара нацыянальнага выстаўнага цэнтра БелЭКСПА Аляксей Кажамякін, ідэя рэалізацыі гэтага праекту нарадзілася даўно, "але цягам некалькіх гадоў мы не наважваліся ўзяцца за гэтую тэму з-за яе даволі спецыфічнай тэматыкі".

Як адзначыў А.Кажамякін, праведзены аналіз рынку выявіў, што "сёння ў нашай краіне існуе праслойка рэспектабельных людзей, якія маюць капіталы вышэй за сярэднія і сутыкнуліся з немагчымасцю выдаткаваць гэтыя грошы ў Беларусі".

Зрэшты, як адзначылі арганізатары, пры падрыхтоўцы выставы ўзніклі і пэўныя праблемы. "Асноўныя цяжкасці пры арганізацыі выставы былі звязаны з псіхалагічным бар'ерам - рынак эліты досыць вузкі і яго прадстаўнікі часцей аддаюць перавагу закрытаму фармату - а мы прапануем масавую прэзентацыю і шмат каго гэта адпуджвае. Але я спадзяюся, што па сканчэнні мерапрыемства псіхалагічны бар'ер будзе зламаны", - паведаміў С.Касталонаў, удакладніўшы, што арганізатары "наўмысна ўзнялі кошты на квіткі да ўзроўню ад Br20 тыс. да Br50 тыс. (у дзень адкрыцця), каб "адсекчы" непажаданыя катэгорыі людзей". У той самы час, упэўнены кіраўнік праекту, гэтыя кошты "прымальныя, каб чалавек сярэдняга класу таксама мог дакрануцца да гэтага своеасаблівага маленькага свету".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках