Рэдактара апазіцыйнай газеты хочуць адправіць ў «псіхушку»?
9
14:29, — Палітыка
Загадчык псіханеўралагічнага аддзялення Слонімскай цэнтральнай райбальніцы атрымаў ліст, падпісаны кіраўніком мясцовага аддзялення КДБ Аляксандрам Мазальковым з загадам праверыць па ўліках псіханеўралагічнага і наркалагічнага дыспансераў рэдактара незалежнага выдання “Газета Слонімская” Віктара Валадашчука і яго блізкіх.
Акрамя гэтага, ваенны камісар Слонімскага раёна Юрый Труш прапанаваў Віктару Валадашчуку падпісаць заяву, у якой журналіст павінен даць згоду на правядзенне органамі дзяржаўнай бяспекі ў адносінах да сябе праверачных мерапрыемстваў і часовае абмежаванне ў сувязі з гэтым права на недатыкальнасьць асабістага жыцця. На думку Віктара Валадашчука, захады супраць яго непасрэдна звязаныя з жаданнем уладаў зліквідаваць адзінае незалежнае выданне рэгіёна – “Газету Слонімскую”.
- Зразумела, што незалежная газета ў правінцыйным горадзе на сённяшні дзень непакоіць улады больш , чым ураджайнасць на палетках і заробкі на прадпрыемствах. Справа ў тым, што мы пішам пра тое, што ёсць, а не тое, што павінна быць паводле загадаў зверху, паведаміў журналіст у інтэрв’ю “Радыё Рацыя”.
12 траўня Віктар Валадашчук павінен з’явіцца ў Слонімскі ваенкамат дзеля прызыву на зборавыя мерапрыемствы. Журналіст лічыць, што такім чынам улады спрабуюць блакаваць яго дзейнасць на пасадзе галоўнага рэдактара, бо менавіта ў гэты самы час падаткавая інспекцыя мае намер ажыццяўляць праверку дзейнасці, а мясцовы райвыканкам разглядаць пытанне аб працягненні ліцэнзіі на гандлёвую дзейнасць. На сённяшні дзень “Газета Слонімская” мае магчымасць дайсці да чытачоў толькі праз сетку распаўсюднікаў, бо “Белпошта” адмовілася ажыццяўляць распаўсюд і прымаць падпіску на выданне.




