9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Беларусь трапляе ў пастку кшталту фінансавай піраміды

Беларуская эканоміка нагадвае фінансавую піраміду, а знешнія пазыкі Беларусі растуць такімі тэмпамі, што краіна хутка стане неплацежаздольнай.

Таму заява Аляксандра Лукашэнкі пра падвышэнне сярэдняга заробку да 1000 долараў да 2010 году з эканамічнага пункту гледжання супярэчыць рэчаіснасці. Такой думкі трымаецца незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў. У інтэрвію «Еўрарадыё» ён распавёў, чаму падвышэнне заробку да 1000 долараў да 2010 году немагчымае і калі Беларусі перастануць даваць крэдыты.

- Палітыкі, як вядома, любяць даваць прыгожыя абяцанні. Але, з пункту гледжання эканаміста, наколькі рэальна выканаць загад і давесці заробак да 1000 долараў да канца 2010 году?

- Заробак не можа быць павышаны цягам 2-3 гадоў больш, чым краіна мае на тое магчымасцяў. А краіна мае агульны прыбытак, які называецца “валавы ўнутраны прадукт”, і ён расце у нас з хуткасцю 8-9% за год. Можна павялічваць заробак больш высокімі тэмпамі, калі скарачаць дзяржаўныя выдаткі альбо выдаткі на сацыяльныя патрэбы. Толькі цяпер гэта не ўяўляецца магчымым. За невялікім выключэннем скарачэння пэўнай колькасці нязначных дзяржаўных расходаў. Таму павялічыць заробак больш, чым на 10% за год нерэальна сыходзячы з тэмпаў росту ВУП. Нават сённяшнія прыбыткі насельніцтва падтрымліваюцца за кошт знешніх фактараў – за кошт расійскіх датацый, якія ў залежнасці ад коштаў на нафту вагаюцца ў межах 5-6 мільярдаў у год. А таксама іншых знешніх пазыкаў, колькасць якіх расце.

- Гэта нярэдкая з’ява ў свеце, калі краіны жывуць за кошт пазыкаў. Чаму Беларусь не можа?

- Калі Расія і надалей будзе выдзяляць нам крэдыты – летась далі 1,5 мільярда, сёлета чакаюцца 2 мільярды – то гэта такія крэдыты, якія пачынаць аддаваць трэба будзе толькі праз 5-6 гадоў і, канешне, іх цяпер можна праесці. І перакладаць сённяшні рост заробкаў на плечы наступных пакаленняў. Але і гэты знешні фактар паступова вычэрпваецца. Знешняя запазычанасць Беларусі на пачатак 2005 года складала 5 мільярдаў долараў. Потым цягам 2005 года яшчэ ўзялі 700 мільёнаў. У 2006 годзе ўзялі 1,8 мільярда долараў. У 2007 годзе ўзялі больш за 4 мільярды долараў. А ўжо за першыя 4 месяцы 2008 года аб’ём знешняй запазычанасці вырас на 2,4 мільярды долараў.

- Атрымліваецца, што знешняя запазычанасць Беларусі…

- Вельмі хутка павялічваецца. І ўжо складае каля 15 мільярдаў долараў. І вяртанне адных толькі адсоткаў, не кажучы ўжо пра самі запазычанасці, складае каля 1 мільярда за год. Мы ўсё глыбей залазім у пазыкі. Падтрымка ўзроўню заробку, утрыманне маларэнтабельных і стратных прадпрыемстваў вельмі дорага абыходзіцца. Акрамя таго, трэба адзначыць, што гэтыя запазычанасці робяцца прадпрыемствамі, банкамі, а не ўрадам, хоць і пад яго гарантыі. Але 70% гэтых пазыкаў – кароткатэрміновыя і іх трэба вяртаць цягам года. Мы трапляем у пастку накшталт фінансавай піраміды, калі і ўзровень прыбыткаў падтрымліваць, і вяртаць пазыкі. Мяркую, далей будзе цяжка раскручваць праграму знешніх пазыкаў, бо ёсць пэўныя межы, калі лічыцца, што знешнія запазычанасці не павінны быць большыя за 60% бюджэту альбо аб’ёма экспарту. Павелічэнне аб’ёмаў запазычанасці яшчэ на 5 мільярдаў, да 20-і, і мы пяройдзем мяжу, калі краіна становіцца неплацежаздольнай. Гэта мяжа, за якой пазыкі больш даваць не будуць.

- А як паніжэнне курсу долара дапамагло росту заробкаў у Беларусі?

- Заробак у доларах павялічваўся, але не таму, што павялічваўся заробак рэальны, а таму, што долар падаў. Цягам 2007 года як быў напачатку 2140 рублёў, так ён і застаўся напрыканцы года. Але ж інфляцыя склала 12,4%. Афіцыйна. Значыць, і долар на столькі ж абясцэніўся. Таму, калі заробак вырас на 10-15%, то гэта за кошт інфляцыі. Заробак у доларах можа расці і далей, калі долар далей будзе падаць. Але рэальны заробак ад гэтага не павялічыцца.

- Тады ўзнікае сумненне ў праўдзівасці ўсіх афіцыйных звестак пра павышэнні заробкаў і дабрабыту…

- У Беларусі, сапраўды, з гэтым праблема: наколькі дакладныя звесткі аб росце рэальных заробкаў, якія дае Мінстат? Ёсць асаблівасці метадалагічнага ўліку, якія сцвярджаюць, што гэтыя паказчыкі могуць не адпавядаць рэчаіснасці. Як такое можа быць, што пірог, з якога бярэцца кавалак на заробак, вырас за 10 гадоў толькі ў 2 разы, а заробак вырас у 4 разы і ў той жа час памер “кавалка” заробку ў гэтым пірагу застаўся тым самым? Практычна гэтага быць не можа, але па звестках Мінстата гэта менавіта так.

- Асабліва смешна гэта выглядае на фоне погрозлівага росту коштаў на харчаванне…

- Сёння сітуацыя такая, што кошты на некаторыя прадукты, сапраўды, заніжаныя. І частку кошту харчавання кожная сям’я аплачвае ўскосна, а не наўпрост. Ёсць фонд падтрымкі сельскай гаспадаркі, куды збіраецца каля 1,5 -2 мільярдаў долараў. Ёсць і іншыя формы падтрымкі, калі людзі аплачваюць, да прыкладу, тэлефонную размову, а там, у мабільных аператараў, закладзеныя падаткі, якія адлічваюцца ў гэты фонд. Шматлікія прадпрыемствы непасрэдна субсідзіруюць пэўныя сельгаспрадпрыемствы і адносяць гэтыя затраты на свой прамысловы баланс. Я падлічваў – гады 3 таму гэтая выплаты складалі каля 600 долараў на кожную сям’ю з трох чалавек, а цяпер ужо долараў 700-750 кожная такая сям’я дадаткова аплочвае харчаванне ўскосна.

- Калі не да 1000 долараў, то наколькі ўсё ж можна чакаць росту заробкаў?

- Сітуацыя такая, што больш, чым на 10% узняць нерэальна. Зараз нам эксперты МВФ і Сусветнага банка наадварот раяць скарачаць тэмпы росту заробку. Бо эканоміка становіцца неканкурэнтназдольнай, расце адмоўнае сальда, якое паказвае, што краіна які ўжо год жыве не па сродках. Каб не было такога сальда, не было інфляцыі, каб былі грошы на інвестыцыі, давядзецца зніжаць не толькі тэмпы росту заробку, а можа і самі заробкі. Таму, як эканаміст, які павінен думаць пра тое, адкуль возьмуцца гэтыя заробкі, магу сцвярджаць, што больш як адсоткаў на 5 рэальна яны расці не будуць.

- Але ж адміністрацыйнымі сродкамі можна яшчэ і не тое зрабіць…

- У каманднай эканоміцы, у аўтарытарнай сістэме такія паказчыкі неабходна выконваць тым ці іншым чынам. Таму могуць быць розныя нюансы. Я ведаю, што на адным прадпрыемстве прыбралі даплаты за начныя змены, нейкія іншыя даплаты і перанеслі ў заробак. Раней яны не ўлічваліся ў сярэдніх заробках. Чалавек не стаў больш атрымліваць, атрымлівае столькі ж, а сярэдні заробак у яго вырас і па прадпрыемстве вырас.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках