9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Украіны: НАТА адпавядае нашым уяўленням аб бяспецы

Украінскі прэзідэнт Віктар Юшчанка, герой «аранжавай» рэвалюцыі 2004 года, жадае прывесці сваю краіну ў НАТА, але гэтаму актыўна перашкаджае Расея.

Карэспандэнт уплывовай нямецкай газеты Su"ddeutsche Zeitung Томас Урбан гутарыць з Прэзідэнтам Украіны аб даляглядах далучэння яго краіны да Альянсу.

- Чакаецца візіт генеральнага сакратара НАТА Яапа дэ Хооп Схеффера ў Кіеў. Вы жадаеце пераканаць яго, што Ўкраіна павінная стаць сябрам альянсу. Аднак у Маскве ад гэтага кроку перасцерагае прэзідэнт Дзмітрый Мядведзеў.

- Гэтае пытанне мы разглядаем выключна з пункту гледжання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы. Мы самі вырашаем, як нам забяспечваць сваю бяспеку. Гэта нашае права, і гэта права для нас як для дзяржавы падобна кіслароду. НАТА адпавядае нашым уяўленням аб бяспецы. Толькі альянсу і Ўкраіне вырашаць, наколькі мы адзін аднаму падыходзім.

- Ва ўступленні Кіева ў НАТА Крэмль бачыць парушэнне расейска-ўкраінскай дамовы аб сяброўстве.

- З гэтым пунктам гледжання мы не згодныя. Нашае ўступленне ў НАТА ніякім чынам не пагражае Расеі. Нашая канстытуцыя забараняе размяшчаць на тэрыторыі краіны чужыя войскі. У суадносінах сіл ва ўрадзе нішто не змянілася б, але мы адчулі ы сябе ў большай бяспецы.

- Аднак дзяржавы НАТА маглі бы на час скарыстацца ўкраінскімі вайсковымі аб'ектамі?

- Гэтага канстытуцыя таксама не дазваляе. Акрамя таго, яна забараняе размяшчэнне ядзернай зброі. Я жадаў бы паказаць на тое, што паўтара дзясяткі гадоў таму мы вывезлі ў Расею апошнія ядзерныя боегалоўкі, пакінутыя ў нас з савецкіх часоў. Украіна прыняла гэтае рашэнне добраахвотна – і, думаецца, тым самым зрабіла беспрэцэдэнтны каласальны ўклад у падвышэнне глабальнай бяспекі, які свет павінен быў бы ацаніць. Але гэта яшчэ не ўсё: мы абавязаліся больш ніколі не размяшчаць на нашай тэрыторыі ядзерную зброю.

- Аднак Маскве гэтага нядосыць.

- Менавіта таму мы гатовыя даць Расеі гарантыі, што тэрыторыя Ўкраіны ніколі не будзе выкарыстоўвацца пад аб'екты або з мэтамі, накіраванымі супраць Расеі.

- Ці змогуць грамадзяне Ўкраіны ўхваліць уступ краіны ў НАТА напрамую?

- Пакуль што нас у НАТА яшчэ не запрасілі. На дадзены момант мы імкнемся прыступіць да падрыхтоўчай праграмы, узгодненай з НАТА. Пры гэтым відавочна: калі нам будзе прапанавана чалецтва, насельніцтва павіннае будзе ўхваліць гэты крок дэмакратычным чынам. Будзе праведзены рэферэндум. Зрэшты, упершыню я паабяцаў гэта ўжо два гады таму.

- Што Ўкраіна можа прынесці ў НАТА?

- Для пачатку я перакананы, што кансалідацыя еўрапейскіх краін – у інтэрасах усіх і кожнага. Гэтая ўмова палітычнага ўзмацнення Еўропы. Таму было бы не толькі цалкам нелагічна, але і няправільна адсякаць краіну з 47 млн жыхароў ад еўрапейскіх інстытутаў. Я бачу, што ў краінах ЕС расце разуменне таго, што прылучэнне Ўкраіны – у нашых агульных інтэрасах.

- Але тады ізаляванай адчуе сябе Расея.

- Расея не падзяляе гэтую палітыку, яна не імкнецца да чалецтва ні ў НАТА, ні ў ЕЗ. Тым не менш, мы не праводзім антырасейскую палітыку. Мы жадаем узмацніць Еўропу. Калі мы інтэгруемся ў калектыўную сістэму бяспекі, не накіраваную супраць каго бы та ні было, усеагульная бяспека падвысіцца. У энергетычную палітыку, а канкрэтней – у забеспячэнне надзейнасці забеспячэння, Украіна таксама можа зрабіць вялікі ўклад.

- З Расеяй ізноў паўстала напружанасць, гэтым разам вакол Чарнаморскага флота. Кіеў даў зразумець, што ён не жадае падаўжаць дамову з Расеяй аб арэндзе ваенна-марской базы ў Севастопалі, які скончваецца ў 2017 годзе.

- Нажаль, Расея стала ігнаруе важныя пункты гэтай дамовы. Гэта датычна выкарыстання зямельных надзелаў, радыёчастот, патрабаванняў да празрыстасці. Зрэшты, у нашай канстытуцыі ясна напісана, што яна забараняе размяшчэнне на нашай тэрыторыі чужыя войскі. Гэта датычна не толькі НАТА, але і Расеі.

- Цяпер еўрапейцаў займае ў першую чаргу футбол. Наступны чэмпіянат Еўропы, у 2012 годзе, павінны правесці сумесна Ўкраіна і Польшча. Аднак паўсюдна трапляюцца скептычныя артыкулы аб стане падрыхтоўчых прац.

- Не, сур'ёзных праблем не існуе. У цэлым мы не адстаем ад графіка. Усе праекты зацверджаныя, і працы па іх пачатыя. Яшчэ сёлета ва Ўкраіне будуць гатовыя два стадыёна. Яшчэ два будуць гатовыя ў наступным годзе, а ў Кіеве – у 2010. Інфраструктура таксама будзе прыведзеная ў адпаведны стан. Усе палітыкі, але таксама і ўвесь украінскі народ жадаюць праз чатыры года бачыць у сябе гасцей са ўсёй Еўропы. Еўропа можа быць упэўненая, што ў нас усё атрымаецца!

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках