Улады запалохваюць жыхароў Пухавіцкага раёну судамі і стратай працы
8- 16.06.2008, 17:07
Працягваецца перасьлед уладамі жыхароў Пухавіцкага раёну, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў. У мясцовым судзе распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы жыхара пасёлку Дружны Сяргея Салдаценкі.
Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу пратэсту жыхароў пасёлку супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”. З гэтай нагоды ў суд выклікаюць таксама жыхара пасёлку Рудзенск Міхаіла Калінкевіча, паведамляе “Радыё Свабода”.
Сяргей Салдаценка прыйшоў на судовае паседжаньне толькі дзеля таго, каб пазнаёміцца са справай і адтэрмінаваць яе разгляд, бо пра суд ён даведаўся толькі напярэдадні.
“У суботу мне затэлефанавалі з пошты і паведамілі. Штамп стаіць, што з Мар’інай Горкі адпраўлена шостага, а мне паведамляюць толькі чатырнаццатага. Гэта проста сваволя ўладаў. У нашай краіне што — людзі ня могуць сабрацца і выказваць сваё меркаваньне? У нас ёсьць адпаведныя артыкулы Канстытуцыі пра свабоду слова, сходаў і мітынгаў. А ў нас усе тры галіны ўлады парушаюць правы чалавека”, - упэўнены Калінкевіч.
У судовых позвах не паведамлялася ні пра падставы выкліку, ні ў якой якасьці людзі павінны зьявіцца ў судзе. З гэтай прычыны Міхаіл Калінкевіч увогуле адмовіўся прыняць позву.
Сяргей Салдаценка браў слова на адным зь мітынгаў пратэсту, каб паведаміць, у прыватнасьці, што ўлады не даюць дазволу на правядзеньне акцыяў пратэсту.
Тым часам яшчэ адну жыхарку Дружнага, Натальлю Мацэпон, склаўшы на яе пратакол, выклікалі на адміністрацыйную камісію райвыканкаму за расклейваньне ўлётак.
“Не магла я стрымацца ў адказ на рэпрэсіі, якія тут адбываюцца. Гэта ж прадстаўнікі Пухавіцкага райвыканкаму, міліцыі і пракуратуры езьдзілі па працоўных калектывах і пагражалі людзям. Маўляў, калі вы будзеце ўдзельнічаць у мітынгах, то адносна вас будуць зроблены захады, вы страціце працу. Таму я надрукавала такую абвестку, што не здавайцеся, не паддавайцеся на шантаж і пагрозы, ня бойцеся. Што ўлады дзейнічаюць забароненымі сродкамі”, - паведаміла Натальля.
За ўдзел у мітынгу пратэсту суд Пухавіцкага раёну на мінулым тыдні аштрафаваў дзьвюх жыхарак Дружнага. Двойчы буйнымі штрафамі быў пакараны яшчэ адзін пратэстовец Сяргей Абразоўскі.
“Суды працягваюць шэраг распраў над удзельнікамі пратэсту супраць будаўніцтва прадпрыемства “Аўгуст-Бел”. На сёньняшні дзень улады не дазволілі правядзеньня ніводнага мітынгу, ніводнага пікету. Запалохваючы судамі людзей, улады спадзяюцца працягваць свае незаконныя дзеяньні ў справе арганізацыі будаўніцтва гэтага прадпрыемства”, - кажа Абразоўскі.
Суд над Сяргеем Салдаценкам перанесены на 20 чэрвеня.
Нагадаем, будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары Дружнага, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстытуцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі, але так і не атрымалі адказу. Зараз людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.