Дэпутат Эўрапарламента не верыць, что выбары ў Беларусі будуць свабоднымі
2- 23.06.2008, 13:54
Старшыня Дэлегацыі Эўрапарлямэнту па адносінах зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч лічыць, што парлямэнцкія “выбары” у Беларусі ня будуць свабоднымі.
Гэтую думку ён выказаў пад час дыскусіі “Пра пэрспэктывы культуры й грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”, што прайшла ў мінулыя выходныя ў польскім Уроцлаве і была прысьвечаная тэме будучых парлямэнцкіх “выбараў” і далейшай палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.
“Вельмі цяжка цяпер будаваць доўгатэрміновую палітыку адносна Беларусі, варта пачакаць вынікаў выбараў”, - адзначыў у інтэрвію “Польскаму радыё” адзін з ўдзельнікаў дыскусіі старшыня Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту па адносінах зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч.
“Адзінае, чаго мы можам патрабаваць сёньня, гэта свабодныя выбары. Яны адблякавалі б магчымасьць кантактаў з Захадам, стварылі нейкую альтэрнатыву. Але, на жаль, выбары хутчэй за ўсё ня будуць свабоднымі, таму мы плянуем пасьля выбараў наладзіць канфэрэнцыю ў Летуве, каб разам зь летувіскім парлямэнтам і нашымі амэрыканскімі партнэрамі задумацца, як далей удасканаліць палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі. Разам з тым у сакавіку ў Менску было адчынена прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі, каб падтрымліваць ня толькі палітычныя, але й эканамічныя адносіны. Беларуская эканоміка перажывае крызыс, яна ўсё больш залежыць ад Расеі. Адзіны ратунак для Беларусі – адкрыцца на супрацоўніцтва з Захадам”, - упэўнены Яцэк Пратасевіч.
Удзельнікі сустрэчы пыталіся Яцака Пратасевіча пра магчымасьць зьменшыць кошт візаў для беларусаў. “Каб дамовіцца аб магчымасьці езьдзіць таньней, беларускія ўлады павінны зрабіць нейкія крокі ў кірунку дэмакратызацыі. ЭЗ прынцыпова не супрацоўнічае зь недэмакратычнымі краінамі”, - адказаў Яцак Пратасевіч.