Суд не аднавіў Франака Вячорку ва ўніверсітэце
2- 27.06.2008, 12:01
Суд Маскоўскага раёну адмовіў Франаку Вячорку ў аднаўленьні на вучобе на трэцім курсе факультэта журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту.
Судзьдзя Вольга Гусакова сказала, што працэдурныя нормы адлічэньня не парушаны ў дачыненьні да студэнта Франака Вячоркі. Яна таксама сказала, што Франак прапусьціў тэрміны. Маўляў, трэба было скардзіцца адразу пасьля таго, як яго адлічылі з унівэрсытэту, паведамляе “Радыё Свабода”.
Сам Франак Вячорка сказаў, што і не чакаў іншага рашэньня суду. Але ён лічыць, што такія судовыя справы ўсё роўна будуць мець розгалас і ацэнку ў найбліжэйшай будучыні.
Нагадаем, старшыня культурніцкай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка быў адлічаны пасьля таго, як прапусьціў заняткі праз адміністрацыйны арышт за ўдзел у Дні Салідарнасьці 16 студзеня, калі ён быў затрыманы ў цэнтры горада і арыштаваны на 15 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку.
15 лютага дэкан факультэта журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік паведаміў Франаку, што загадам рэктара за подпісам прарэктара ён адлічаны за "акадэмічную непасьпяховасьць".