Чатыры кавалкі зямлі ў Драздах «пацягнулі» на 1,4 мільёна даляраў
13- 3.06.2008, 9:41
Участкі ў Драздах з аўкцыёну прадаваліся ўпершыню. Месца не простае - хораша, ад Менска блізка, ды і Лукашэнка там жыве! Дарэчы, як сцвярджае “КП в Беларуси”, менавіта ён даручыў падрыхтаваць зямельныя ўчасткі ў прыватную ўласнасць.
Магчыма, прэстыжнае суседства і паўплывала на кошт. На аўкцыён выставілі 4 участкі, кожны недзе па 9 сотак. Кавалкі зямлі, памерам усяго ў паўтары разы болей за стандартныя шэсць сотак, пацягнулі на 3,2 млрд. рублёў (каля 1,4 мільёнаў даляраў ЗША). На чатыры ўчасткі было 17 ахвочых - кажуць, не ўсё паспелі дакументы падрыхтаваць, а так бы было больш.
- Кажуць, участкі купілі тры бландынкі і маладзён? - такое пытанне было зададзена вядучаму аўкцыёну, барду Віктару Шалкевічу.
- Так, падпісваць пратакол падыходзілі жанчыны - маладыя і прыгожыя… І хлопец быў, таксама вельмі прэзентабельны. Наогул цікавей, калі жанчыны ўдзельнічаюць у аўкцыёне, - заўважыў Віктар Шалкевіч. - Не могуць адна адной саступіць, адна кошт уздымае – і другая! Хоць гэты аўкцыён адрозніваўся хутчэй тым, што ўсё было дакладна, паважна і спакойна. Відаць, што людзі былі не староннія, не з кірмаша… Пасля некалькіх крокаў адсеяліся тыя, хто жадаў купіць танней. А ўжо тыя, хто застаўся, ваявалі да апошняга. Але ніхто не хапаўся за сэрца і прытомнасць не губляў. Відаць было, людзі вызначылі мяжу, да якой могуць купіць, і спакойна прызначаюць кошт.
У выніку за самы танны лот прасілі 175 млн. рублёў, а прадалі за 750 млн. Самым дарагім стаў апошні лот, надзел землі сышоў ажно за 925 млн. рублёў.
Для ўдзелу ў аўкцыёне не трэба даводзіць, што ў цябе ёсць грошы. Зарэгістраваўся, атрымаў нумар, перабіў кошт канкурэнтаў - і ўсё. Можна было нават не прыходзіць самому, а аформіць даверанасць на сына, дачку ці нават сябра. Галоўнае - своечасова пералічыць грошы, тэрміны вельмі жорсткія. Калі ў каго і ўзнікнуць пытанні, то ў мясцовай падатковай інспекцыі.
Але гэта наўрадці - па законе пры такіх пагадненнях не абавязкова справаздавацца, адкуль прыбытак.
Участкі прадавалі адмыслова "для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома". Калі на працягу года на зямлі нічога не з'явіцца, яго могуць забраць! І прадаць зноў...