9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

20 гадоў таму сьвет даведаўся пра масавыя растрэлы ў беларускіх Курапатах (Фота)

15
20 гадоў таму сьвет даведаўся пра масавыя растрэлы ў беларускіх Курапатах (Фота)

3 чэрвеня 1988 года, праз публікацыю ў тыднёвіку “Літаратура і Мастацтва” артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”, беларусам адкрылася праўда аб сталінскіх рэпрэсіях у краіне. Таксама праз гэта ў Менску адбылася адна з першых массавых акцый пратэста ў СССР – людзі прыйшлі ў Курапаты на Дзяды.

Урочышча Курапаты, што пад Менскам, вядомае як месца масавых расстрэлаў у 1937-41 гадах. У красавіку-траўні 1988 года ў часе археалагічных раскопак у лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасці гісторыка, лідэра Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазняка і грамадскай арганізаці "Мартыралог Беларусі". У чэрвені 1988 была створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расследавання, як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКВД БССР расстрэльвалі рэпрэсіраванных жыхароў Беларусі. Па розных звестках у Курапатах пахавана прыкладна да 30 тысяч чалавек (асобныя гісторыкі гавораць аб 100 і нават 250 тысячах чалавек). Аднак за ўладай Лукашэнкі афіцыйная прапаганда пачала абвяргаць гэтыя факты, пацверджаныя дзяржаўнымі камісіямі ў 1990-я гг.

У 1988 годзе ў Курапаты ўпершыню прышлі дзесяткі тысячаў людзей, каб пакланіцца памяці ахвяраў. Менавіта з мэмарыяльных мітынгаў пачалася гісторыя Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" (БНФ). Напачатку лістапада 1988 года шматтысячны мітынг ля Маскоўскіх могілак у Менску і шэсце да Курапатаў, прымеркаваныя да дня памінання продкаў Дзяды, былі разагнананыя з дапамогай бранзбойтаў і слезацечнага газу тагачаснай камуністычнай уладай БССР.

Па курапацкай справе за апошнія 20 гадоў было праведзена 4 афіцыйныя сьледзтвы паводле патрабаваньняў розных грамадзкіх арганізацыяў. Працавалі спэцыялісты з Генэральнай пракуратуры, Вайсковай пракуратуры, навукоўцы. Усе яны прыйшлі да адназначнага заключэньня, што расстрэлы тут вяліся органамі НКВД на працягу 1930-х гадоў і да пачатку вайны 1941—45 гадоў. Заключэньне апошняга сьледзтва дагэтуль не былі апублікаваныя, паведамляе “Радыё Свабода”.

Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк лічыць, што “цераз усьведамленьне праўды пра генацыд Курапаты мабілізавалі народ на змаганьне за волю і справядлівасьць і далі штуршок да зьмёртвыхустаньня Беларускай нацыі”.

Значнасьць адкрыцьця праўды пра Курапаты для Беларусі, па меркаваньні Пазьняка, таксама палягае і ў тым, што гэта сталася “неабвержнай ўлікай злачынства генацыду, які рабіў над беларускім народам расейскі акупант, прыкрываючыся камунізмам, як сацыяльнай формай і ідэалёгіяй тэрору, як мэтадам апраўданьня людабойства”.

Зянон Пазьняк упэўнены, што менавіта Курапаты рэальна адчынілі магчымасьць “Нюрнбэргу” над рускім камунізмам. “Таму пакуль будзе існаваць расейская звышдзяржава, пакуль будзе функцыянаваць цягласьць яе злачыннай ўлады і праімпэрскай палітыкі, датуль будуць імкненьні абылгаць і зьнішчыць Курапаты і ўсё, што зь імі зьвязана”, - тлумачыць палітык нежаданьне беларускага рэжыму прызнаваць Курапаты за сьведчаньне камуністычнага тэрору.

Але, тым ня менш ён упэўнены, што для кожнага беларуса “Курапаты – гэта ня толькі шматзначны сымвал нашага народнага лёсу – гэта сакральнае месца, балявая кропка, якой мераецца беларускі народны дух і беларускае існаваньне”.

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, удзельнік раскопак у Курапатах, перакананы, што за 20 мінулых гадоў з пункту гледжаньня дасьледаванасьці Курапатаў зроблена вельмі мала.

“Дакладна ўстаноўлена, што расстрэлы ў Курапатах і пахаваньні забітых людзей зьдзяйсьняліся ў 30-я гады. Гэта толькі пачатак расьсьледаваньня Курапацкай справы: трэба ведаць, каго расстрэльвалі, хто расстрэльваў, адкуль людзей прывозілі, якія фармальныя справы ім інкрымініравалі... А Курапаты – гэта толькі адзін пункт на карце Беларусі, дзе вяліся расстрэлы. Каля кожнага вялікага горада былі месцы, дзе расстрэльвалі людзей. Трэба шукаць гэтыя месцы, дасьледаваць іх,” – кажа Крывальцэвіч.

Аднак, паводле археоляга, ў Беларусі практычна прыпыненая дзейнасьць, зьвязаная з раскрыцьцём сталінскіх рэпрэсіяў. Таму грамадзтва мусіць дамагацца далейшага адкрыцьця той праўды, і асноўная праца кладзецца ў зьвязак з гэтым на плечы грамадзтва.

Спадар Крывальцэвіч таксама распавёў пра сваё самае моцнае ўражаньне ад працы ў Курапатах. “Уражаньне роспачы, безнадзейнасьці тых людзей, якіх расстралялі, якія не маглі сябе абараніць. І грамадзтва, у якім мы жылі і ў якім мы жывём дагэтуль, ня можа абараніць сябе і кансалідавацца ў часе перасьледаў. Самае ўражальнае, што я бачыў тады пад час гэтых эксгумацый – як тысячы бязьвінна расстраляных людзей ляжаць у магілах, і нікому да гэтага справы няма. Шкада, што многія беларусы не ведаюць пра гэтае месца”, - падсумаваў археоляг.

Аблічча на мітынгу (19 чэрвеня 1988г.у Курапатах)

Усталяваньне Крыжа Пакуты (29 кастрычніка 1989г.)

Фота "Радыё Свабода"

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках