9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці ўзбудзіць Генпракуратура крымінальную справу супраць Пуціна за тэракт у Беслане?

8

Група пацярпелых у тэракце, што адбыўся ў Беслане ў 2004 годзе, накіравала 4 чэрвеня ў Генпракуратуру заяву з патрабаваннем дапытаць экс-прэзідэнта РФ, а зараз прэм’ера Ўладзіміра Пуціна і ўзбудзіць супраць яго крымінальную справу.

"У сваёй заяве генеральнаму пракурору мы просім расследаваць дзеянні былога прэзідэнта Ўладзіміра Пуціна і дапытаць яго для высвятлення абставінаў адмовы ад перамоваў і прымянення танкаў, агнямётаў, гранатамётаў па будынку школы. Таксама мы просім узбудзіць крымінальную справу ў адносінах былога прэзідэнта Ўладзіміра Пуціна па шэрагу артыкулаў КК РФ", - паведаміла сайту Собкор®ru сустаршыня праваабарончай арганізацыі "Голас Беслана" Элла Кесаева.

Заяўнікі адзначаюць, што прычынай іхняга патрабавання сталі выказванні Ўладзіміра Пуціна ў інтэрв’ю французскай газеце Le Monde, апублікаваным 31 мая, дзе Пуцін, між іншым заявіў, што дзеянні ўладаў і "сілавікоў" пад час крызісу з закладнікамі ў Беслане былі правільнымі, піша Newsru.com.

Гэтымі словамі, лічаць аўтары заявы, Пуцін фактычна ўзяў на сябе адказнасць за дзеянні спецпадраздзяленняў пад час бесланскай трагедыі. У арганізацыі ўпэўненыя, што заява Пуціна "выдае яго з галавой", даказваючы, што ён асабіста кіраваў усёй аперацыяй.

"Значыць, ён фактычна даў каманду на выкарыстанне танкаў і агнямётаў", - адзначыла раней Элла Кесаева. І менавіта таму, па ейных словах, "дзеянні "сілавікоў" да гэтых часоў не ацэненыя з прававога пункту гледжання, вось чаму ніхто з адказных за гібель больш чым 300 мірных грамадзянаў дагэтуль не пакараны".

"Голас Беслана" абвінавачвае Пуціна ў прамым парушэнні двух артыкулаў Канстытуцыі РФ: артыкулу 2, які абвяшчае, што чалавек, ягоныя правы і свабоды з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, і артыкулу 20, які гарантуе ўсім грамадзянам РФ права на жыццё. Да парушэння апошняга артыкулу, лічаць заяўнікі, прывяла адмова аб’яднанага штаба па вызваленні закладнікаў ад перамоваў з тэрарыстамі, якая стала свядомым крокам службовых асобаў, што пагоршыў становішча закладнікаў.

Таксама аўтары заявы абвінавачваюць Пуціна ў тым, што ён, будучы галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Расеі, дазволіў прымяніць зброю невыбарчага дзеяння (танкаў, агнямётаў і гранатамётаў) для стральбы па школе №1 у Беслане, а таксама ў супрацьзаконным выкарыстанні войска ў контртэрарыстычнай аперацыі.

Больш за тое, яны лічуць, што дзеянні Пуціна трапляюць пад артыкул 33 КК РФ ("арганізацыя злачыннай супольнасці для здзяйснення злачынства"). "У Беслане 1-3 верасня 2004 года сілавыя структуры, падначаленыя прэзідэнту РФ, здзейснілі злачынства, адмовіўшыся ад перамоваў і прымяніўшы войска, тым самым у сукупнасці склалі злачынную супольнасць", - падкрэсліваецца ў заяве.

"Згодна артыкулу 5 закона "Аб барацьбе з тэрарызмам" барацьба з тэрарыстамі ажыццяўляецца ў мэтах абароны, перш за ўсё, асобы, а ўжо потым – грамадства і дзяржавы", - нагадваюць аўтары заявы генпракурору.

Пацярпелыя ў бесланскім тэракце патрабуюць прыцягнуць Уладзіміра Пуціна за парушэнні артыкулу 33, часткі 3 артыкулу 34 КК РФ (злачынства супраць асобы), часткі 2 артыкулу 108, часткі 1 артыкулу 111, часткі 1 артыкулу 112, часткі 1 артыкулу 114, часткі 1 артыкулу 115, пункта "г" часткі 2 артыкулу 117, часткі 3 артыкулу 286, часткі 2 артыкулу 293 і нарэшце, часткі 3 артыкулу 294 КК РФ як гаранта правоў чалавека, вярхоўнага галоўнакамандуючага УС, кіраўніка Савета бяспекі, кіраўніка ФСБ, як арганізатара злачыннай супольнасці, вынікам дзеяння (бяздзеяння) якога стала гібель, раненні людзей.

Акрамя таго, бесланцы вінавацяць Пуціна ў выкарыстанні свайго службовага становішча і ва ўмяшанні ў дзейнасць следчых, у мэтах перашкаджэння ўсебаковаму, поўнаму і аб'ектыўнаму расследаванню ўсіх акалічнасцяў трагедыі, што таксама падпадае пад дзеянне Крымінальнага кодэкса РФ.

З прадстаўнікамі "Голаса Беслана" салідарная старшыя арганізацыі пацярпелых ад тэракту на Дуброўцы ў Маскве ў 2002 годзе "Норд-Ост" Таццяна Карпава. "Беслан цалкам паўтарыў "Норд-Ост", - адзначыла яна, - толькі на Дуброўцы забітых у выніку спецаперацыі закладнікаў апынулася ў тры разы больш, чым тэрарыстаў, а ў Беслане мірных жыхароў загінула ўжо ў шэсць разоў больш, чым тэрарыстаў".

Восенню 2002 года ў выніку тэракту ў маскоўскім тэатральным цэнтры на Дуброўцы, дзе ішла імпрэза папулярнага мюзіклу "Норд-Ост", загінулі 130 закладнікаў. Падчас штурму былі знішчаныя 40 тэрарыстаў, вызваленыя амаль 800 закладнікаў. Родныя загінулых сцвярджаюць, што вялікая колькасць ахвяраў абумоўленая неграмантымі дзеяннямі ўладаў і патрабуюць узбудзіць крымінальную справу ў адносінах кіраўнікоў аператыўнага штаба па выратаванні закладнікаў.

1 верасня 2004 года тэрарысты захапілі ў бесланскай школе №1 больш за 1100 чалавек – практычна ўсіх, хто ўдзельнічаў ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў. У выніку тэракта загінуў 331 чалавек і 172 чалавекі пацярпелі. Родныя загінулых аб’ядналіся ў арганізацыю "Маці Беслана". Яны таксама патрабуюць бесстаронняга расследавання дзеянняў уладаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках