Амбасада Расеі накіравала беларускаму МЗСу ноту пратэсту
6- 15.07.2008, 8:40
Амбасада Расеі ў Беларусі накіравала беларускаму боку ноту аб змене меры прэсячэння затрыманаму ў Менску грамадзяніну Расеі Ўладзіміру Бялуніну.
Аб гэтым паведаміў агенцтву "Интерфакс–Запад" прэс-аташэ амбасады РФ у Беларусі Вадзім Гусеў.
"Амбасада накіравала другую ноту беларускаму боку аб змене меры прэсячэння", сказаў ён. В.Гусеў таксама паведаміў, што 15 ліпеня беларускія ўлады дазволілі сустрэчу расейскага консула з затрыманым. "Учора ў амбасадзе былі бацькі Ўладзіміра Бялуніна, іх прыняў Часовы павераны Ігар Гурко", дадаў прэс-аташэ амбасады.
Па інфармацыі амбасады, Бялунін Уладзімір Сяргеевіч быў затрыманы па арт. 108 КПК Беларусі (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні у здзяйсненні злачынства).
У той жа час ён не стаў звязваць затрыманне расейскага грамадзяніна з іншымі затрыманнямі па факце выбуху ў Менску ў ноч на 4-е ліпеня.
У праваахоўных органах Беларусі ўхіліліся ад каментароў па дадзенай падставе, адмовіўшыся пацвердзіць альбо аспрэчыць інфармацыю аб затрыманні Ў.Бялуніна.
Як паведамляе шэраг інтэрнэт-СМІ, У.Бялунін з'яўляецца студэнтам аднаго з менскіх вну, яму 21 год. Ягоныя бацькі сцвярджаюць, што ён цяжка хворы – у яго непацверджаны дыягназ "анарэксія", ён не можа нармальна ёсць.
Інтэрнэт-СМІ цытуюць словы ягонай маці Тамары Бялунінай аб тым, што Ў.Бялуніна забіралі некалькі разоў. Спачатку 4 ліпеня, пасля іспыту, у гэты ж дзень у іх дома правялі ператрус і выключылі сістэмны блок кампутара, мабільны тэлефон, другі раз ён патрапіў у міліцыю 9 ліпеня.
Т.Бялуніна распавяла, што яны ў Беларусь прыехалі з дзецьмі з Карачаева-Чаркесіі, дзе пражылі вялікую частку жыцця.
У ноч на 4 ліпеня ў цэнтры Менска прагрымеў выбух, калі там праходзіў святочны канцэрт у гонар Дня незалежнасці Беларусі. На канцэрце прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка. Ён не пацярпеў, аднак раненні і траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі парадку 50 чалавек.