9 чэрвеня 2026, aўторак, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па справе аб выбуху ў Менску затрыманыя больш за 70 чалавек?

5

Такія лічбы паведаміў грамадзянін Расеі, студэнт Уладзімер Бялонін, які выйшаў учора з турмы на Акрэсьціна, дзе яго трымалі паводле падазрэньня ў датычнасьці да выбуху ў Менску.

Вызваленьня Ўладзімера Бялоніна двойчы адмысловымі нотамі патрабавала амбасада Расеі ў Беларусі. Да гэтых намаганьняў далучыліся недзяржаўныя мэдыі Беларусі і Расеі, якія шмат распавялі пра Ўладзімера, у тым ліку пра ягоную хваробу, з-за якой хлопцу патрэбна спэцыфічнае харчаваньне. Невядома, што дакладна паўзьдзейнічала на беларускіх сьледчых, але яны ўсё ж адпусьцілі Уладзімера Бялоніна. Неўзабаве пасьля вызваленьня расейскі грамадзянін адказаў на пытаньні “Радыё Свабода”.

-- У вас узялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва?

-- Не, якая падпіска? Ніякіх тайнаў мне не паведамлялі.

-- Можа, вы ведаеце, колькі на Акрэсьціна затрыманых паводле справы пра выбух?

-- Па некаторых зьвестках, у пятніцу было 13 чалавек, а ўсяго нібыта, як мне казалі ў камэры, было затрымана 70 чалавек. Але я па камэрах не хадзіў, не лічыў.

-- Як з вамі абыходзіліся сьледчыя? Ціску не чынілі?

-- Здаецца, асаблівага ціску не было. Як звычайна.

-- Якія былі бытавыя ўмовы ў ізалятары?

-- Як у звычайнай турме. Чатыры ложкі без матрацаў, замест падушкі спалі на бутэльках з вадой. Бо не выдавалі. Яны выдаюць пасьцельныя прыналежнасьці толькі на трэцім паверсе, дзе тыя, каму выставілі абвінавачаньне.

-- Сёньня, акрамя вас, яшчэ каго вызвалілі з тых, хто па гэтай справе?

-- Наколькі мне вядома, акрамя мяне — нікога.

-- А якая ваша вэрсія таго, што адбылося 4-га?

-- Вэрсій можа быць шмат. Я б не хацеў пра гэта. Яшчэ трэба ўсё абдумаць.

-- Але ж мне вядома, што вы цікавіліся месцам выбуху, хадзілі туды паглядзець. Вы думаеце, гэта тэрарызм ці нешта іншае?

-- Магчыма. Але доказаў недастаткова. Пакуль у мяне могуць быць толькі здагадкі.

-- А ці ёсьць у вас камэнтар да таго, што з вамі адбылося?

-- Збольшага, як мне патлумачыў адвакат, гэта цалкам законна, што мяне затрымалі на 10 дзён.

-- А ці не маглі вас не арыштоўваць, а проста дапытаць? Тым больш вас адзін раз ужо дапыталі, навошта спатрэбілася яшчэ і арыштоўваць?

-- Гэтага я ня ведаю, гэта яны там наверсе вырашалі.

Нагадаем, Уладзімера Бялоніна, студэнта менскага ВНУ, першы раз затрымалі і дапыталі адносна датычнасьці да выбуху ўжо 4 ліпеня. Першапачаткова Ўладзімер Бялонін цікавіў сьледчых як сьведка, хоць юнак даводзіў, што на канцэрце ня быў, а на месца здарэньня прыехаў 4 ліпеня проста дзеля цікаўнасьці. 9 ліпеня Ўладзімер Бялонін напісаў заяву ў амбасаду Расеі, і неўзабаве яго арыштавалі ўжо як падазраванага і зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна.

У МУС Беларусі не камэнтуюць зьвестак аб справе пра выбух 4-га ліпеня.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках