Міліцыянты ходзяць па кватэрах менчукоў з цэлым спісам пытанняў
6- 16.07.2008, 11:05
Масавыя апытанні насельніцтва ў сувязі з пошукам асобаў, што здзейснілі 4 ліпеня выбух ў Менску, праходзяць па адмыслова распрацаванаму механізме.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.
"Для правядзення апытанняў распрацаваны адмысловы механізм. Складзены спіс пытанняў, якія супрацоўнікі органаў унутраных справаў задаюць жыхарам беларускай сталіцы", - паведамілі ў МУС.
Суразмоўцы адзначылі, што ў тым, што "ідзе масавае апытанне насельніцтва Менска, няма нічога надзвычайнага". "Пры расследаванні любога злачынства, напрыклад забойства на бытавой глебе, як мінімум апытваюць жыхароў трох суседніх пад'ездаў. Выбух у Менску, які адбыўся ўначы 4 ліпеня, злачынства нерадавое, яно атрымала вялікі рэзананс, злачынцу трэба знайсці ў максімальна кароткія тэрміны, таму і апытанне жыхароў праводзіцца ў такім маштабе", - растлумачылі ў МУС.
Там таксама адзначылі, што "на правядзенне апытання кінутыя ўсе сілы органаў унутраных справаў - ад участковых міліцыянтаў да супрацоўнікаў падпадзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі".
Разам з тым у МУС адмовіліся каментаваць інфармацыю аб тым, што ў Менску правяраюць гандлёвыя кропкі, дзе прадаюць сокі ў тэтра-пакетах, спаслаўшыся на таямніцу следства. (Выбухная прылада, што не разавалася, і якая была выяўленая 3 ліпеня за некалькі гадзін да выбуху, знаходзілася ў тэтра-пакеце з-пад соку - "ІФ").
Як паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у ГУЎС Менгарвыканкама, "па справе аб выбуху ў Менску працягваецца напружаная праца, апытаная вялікая колькасць людзей".
У праваахоўных органах па-ранейшаму не каментуюць інфармацыю аб затрыманнях у Менску па справе аб выбуху. Пасля выбуху 4 ліпеня ў Менску былі затрыманыя 13 актывістаў апазіцыі і 10 з іх дагэтуль застаюцца ў турмах. Праваабаронцы называюць усе арышты незаконнымі і палітычна матываванымі.