Сталічныя ўлады разбяруцца з крамамі «сэканд хэнд»
12
8:43, — Грамадства
Тавары "сэканд хэнд" змогуць рэалізоўвацца толькі пры наяўнасці заключэння дзяржнагляду аб іх эпідэмічнай бяспецы.
У Менску працуюць 38 крамаў былых ва ўжыванні тавараў. Усе яны з'яўляюцца прыватнымі прадпрыемствамі. Аб гэтым карэспандэнту БелТА распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынка Менгарвыканкама Ігар Лагойка.
Па ягоных словах, паводле санітарных правілаў, увоз, захоўванне і рэалізацыя рэчаў "сэканд хэнд" магчымыя пры наяўнасці заключэння органаў і ўстановаў дзяржаўнага санітарнага нагляду Беларусі аб эпідэмічнай бяспецы гэтых рэчаў. Такое заключэнне выдаецца пасля правядзення дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы дакументаў на былыя ва ўжыванні тавары і правядзенні камернай дэзінфекцыі гэтых рэчаў.
Коштаўтварэнне на такія тавары свабоднае - яно ўсталёўваецца ўладальнікамі крамаў. На таварным цэтліку або іншым дакуменце павінныя быць паказаныя звесткі, якія характарызуюць стан былога ва ўжыванні тавара, а таксама ягоныя недахопы, напрыклад, наяўнасць плямаў, адарваных гузікаў, зламанай зашпількі-маланкі і інш.
Калі недахопы тавара не былі абумоўленыя прадаўцом, то пакупнік, які набыў былы ва ўжыванні тавар неналежнай якасці, можа прад'явіць патрабаванні па сваім выбары: паменшыць кошт, скасаваць дамову куплі-продажу і запатрабаваць звароту выплачанай грашовай сумы. Таксама пакупнік мае права звярнуцца ў дзяржаўную або грамадскую структуру па абароне правоў спажыўцоў або ў суд. Але тавары "сэканд хэнд" належнай якасці абмену і звароту не падлягаюць.
Большасць рэчаў, якімі гандлююць крамы "сэканд хэнд", паступае на наш рынак з Заходняй Еўропы. Адзінай сістэмы пазначэння і класіфікацыі былой ва ўжыванні вопраткі ў свеце не існуе, але найбольш часта ўжывальныя катэгорыі: Stock - абсалютна новыя рэчы; Lux, Extra - вопратка з мінімальным адсоткам зносу, амаль новая; 1-я катэгорыя - не ірваная, не брудная, з малым адсоткам нашэння; 2-я - зношаныя рэчы; 3-я - рыззё, анучы. У продаж, як правіла, паступаюць рэчы ўсіх пералічаных катэгорый, акрамя апошняй.
Як адзначыў суразмоўца, продажу не падлягаюць былыя ва ўжыванні прадметы асабістай гігіены, ложкава і сподняя бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, парфумерна-касметычныя тавары, цацкі, тавары для нованароджаных.
Перш чым насіць рэчы "сэканд хэнд", іх раяць абавязкова памыць або здаць у хімчыстку. Прадавец павінен паінфармаваць аб гэтым пакупніка, таксама аб'явы з такой інфармацыяй павінныя размяшчацца ў гандлёвай зале.
Напісаць каментар (12)





