9 чэрвеня 2026, aўторак, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Па справе аб выбуху затрымана ад 50 да 70 чалавек

Па неафіцыйных дадзеных, падчас расследаванняў крымінальнай справы па факце выбуху ў Менску 4 ліпеня затрымана ад 50 да 70 чалавек.

Аб гэтым БелаПАН паведаміў праваабаронца Валянцін Сцефановіч. "Гэта не толькі прадстаўнікі апазіцыі, але і іншыя грамадзяне", — сказаў ён, адзначыўшы, што афіцыйнай інфармацыі па-ранейшаму ніхто не падае.

В.Сцефановіч таксама паведаміў, што 16 ліпеня пасля ператруса затрыманы былы ўдзельнік незарэгістраванай арганізацыі "Правы альянс" Юрый Карэтнікаў. "Зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ", — сказаў праваабаронца. Варта адзначыць, што з 29 чэрвеня па 6 ліпеня Ю.Карэтнікаў знаходзіўся за межамі Беларусі.

Акрамя таго, у ліку затрыманых застаюцца былыя ўдзельнікі ліквідаванага грамадскага аб'яднання "Беларускае згуртаванне вайскоўцаў" Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяргей Чыслаў, актывісты Партыі БНФ Ілля Богдан і Антон Койпиш, студэнты Таццяна Пікун і Алег Шэлег.

Нагадаем, 16 ліпеня часовы выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч аспрэчыў інфармацыю аб тым, што па дадзенай справе затрымана каля 70 чалавек. "Я не буду называць дакладную колькасць затрыманых, каб не ўносіць смуту, але лічба ў 70 чалавек моцна перабольшаная", — заявіў К.Шалькевіч.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках