Уладам не атрымалася даказаць віну апазіцыянераў (абноўлена)
13- 18.07.2008, 16:37
Сёння на волю вышлі актывісты апазіцыі Сяргей Чыслаў, Міраслаў Лазоўскі, Віктар Ляшчынскі, Юрась Карэтнікаў, Міхаіл Шэремет і Ігар Корсак, арыштаваныя адразу пасля таго, як на афіцыйны Дзень незалежнасці прагрымеў выбух.
18 ліпеня мінуў 10-дзённы тэрмін папярэдняга ўтрымання пад вартай апазіцыянераў. Увесь гэты час яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання ў Менску на вуліцы Акрэсціна. Як раней паведамлялася, за час знаходжання пад вартай актывістаў, затрыманых у рамках расследавання крымінальнай справы па выбуху ў Менску, дапыталі ўсяго адзін раз. Абвінавачванні апазіцыянерам прад'яўленыя не былі.
Перад затрыманнем у кватэрах апазіцыянераў праводзіліся ператрусы. Падставамі для арыштаў стала наяўнасць у іх цвікоў і гумавых пальчатак, якія ёсць у кожнай хаце.
Учора з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна выйшлі людзі, якіх затрымалі 7 ліпеня. У камерах ізалятара знаходзяцца, у тым ліку, студэнты, якія наведвалі хімічны кружок. На волю выйшла студэнтка біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Таццяна Пікун. Раней былі вызваленыя актывісты апазіцыі Павел Кур'яновіч, Сяргей Высоцкі і Аляксандр Сергіенка.
У рамках расследавання справы аб выбуху застаюцца затрыманымі сябры Беларускага народнага фронту Антон Койпіш і Ілля Богдан.