Галоўны ідэолаг Лукашэнкі пра сайт Хартыі'97 і беларускі інтэрнэт
40- 30.07.2008, 12:08
Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Усевалад Янчэўскі распавёў, што чакае сайт www.charter97.org і іншыя незалежныя рэсурсы, калі ўвойдзе ў моц новы Закон аб СМІ.
Змяшчаем частку інтэрв'ю галоўнага ідэолага Лукашэнкі, надрукаванага ў "Белгазеце":
-- Ваша асноўная тэза – пра тое, што "Інтэрнэт у Беларусі застанецца вольным" - прагучала даволі нечакана на фоне абразання, напрыклад, хатніх лакальных сетак. Усе ўжо замірыліся з тым, што Сеціва прыкрыюць.
- Я наўмысна выказаўся цалкам ясна і з пэўнасцю. Каб ніхто не меў падставаў спекуляваць на гэтай тэме - маўляў, нешта ўлада там рыхтуе. Ніхто нічога не рыхтуе! А людзей так у напрузе можна трымаць да бясконцасці. Рэгулярна запускаць чутку: "Беражыцеся, заўтра вас ад чагосьці адключаць і нешта перакрыюць". Сёй-той пачынае нервавацца і падазрона касавурыцца на ўладу - што ёй там удумалася? Я таму і сказаў шчыра і адкрыта: "Інтэрнэт у Беларусі быў, ёсць і будзе вольным". Хто не верыць - калі ласка, хай чакае да бясконцасці. Але ні заўтра, ні пазаўтра, ні праз год, ні праз два ніякіх нападаў на Інтэрнэт з боку ўлады ён не дачакаецца.
- Узровень свабоды ў Байнэце задаюць не парталы і сайты, размешчаныя ў зоне .bу, а тыя, што месцяцца за межамі: "Хартыя-97", "Беларускі партызан", сайт беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода". Што будуць рабіць з імі? Ці будуць ставіць фільтры і перакрываць? Ці мэтазгодна гэта?
- Ніякіх фільтраў! Ніякіх перакрыццяў! Каму гэта трэба? Навошта? Вы ж самі зірніце - колькі гадоў яны ўжо існуюць, і нікому да іх справы няма! Раз на квартал пачынаецца планавая гістэрыка - нас вось-вось заблакуюць! Адкрыеш Інтэрнэт, глядзіш - усё ў парадку. І так ужо шмат гадоў. Тая ж "Хартыя-97" жыве як кум каралю і сват міністру. 10 гадоў адно і тое ж - рэжым вось-вось абрынецца. Нам бы ноч прастаяць, ды дзень пратрымацца… Чытаць сумна. Калі зменяць кружэлку, няясна. Мусіць, так і будуць пісаць да пенсіі. Ніхто іх не чапае і чапаць не будзе. Пішуць, і хай сабе пішуць. Усё роўна іх, акрамя мяне, вас і маленькай групы такіх жа, як мы, палітычна заклапочаных грамадзян, ніхто не чытае. Вы ж самі ведаеце, хто глядзіць "Хартыю" ці "Беларускага партызана". Заўзятыя апазіцыянеры ды чыноўнікі, каб даведацца пра якія-небудзь плёткі. А больш нікога там няма. Уся аўдыторыя - дзесятыя долі адсотка ад усяго нашага насельніцтва. Яны ж толькі і чакаюць, каб іх прыкрылі. Не дачакаюцца!
- Якая, на ваш погляд, будучыня Байнэту? Калі ён складзе рэальную канкурэнцыю ТБ, газетам і часопісам?
- Даволі хутка. У частцы навінаў Інтэрнэт ужо па ўсім свеце даўно б'е і тэлебачанне, і пагатоў прэсу. Гэта аб'ектыўна. Навіны тут самыя аператыўныя і самыя разнастайныя. І навіны - толькі першая ластаўка. У Беларусі сёння безумоўны лідэр - тэлебачанне. Але Інтэрнэт нястрымны. Яшчэ 3-4 гады - і сітуацыя можа змяніцца кардынальна. Да таго ж, Інтэрнэт абсалютна непрадказальны. У яго нетрах стала нараджаюцца новыя з'явы.
Хто думаў, што блогі стануць шалёна папулярныя і фактычна ператворацца ў новы від СМІ? Хто мог прадказаць дзіўны поспех "сацыяльных сетак"? У Сеціва вялікая і цьмяная будучыня. Яно перагарне свет. Пытанне толькі ў тым – перагарне яно яго з галавы на ногі ці, наадварот, з ног на галаву. Інтэрнэт ужо пераараў чалавецтва. Далей будзе круцей. Пакуль не ўсе гэта адчуваюць. Але неўзабаве ўсё ў гэтым пераканаюцца.