Кіёскі на прыпынках: загадана ліквідаваць
10- 8.07.2008, 8:57
Сталічныя прыпынкі ў большасці сваёй нагадваюць сёння месцы, дзе мінуў ураган: разбураны асфальт, адсутнасць смеццевых бакаў, элементарных зэдляў, бруд і пустэча.
Такім чынам на знешнім абліччы Менска адбілася рашэнне гарадскіх уладаў ліквідаваць на прыпынкавых пунктах камерцыйныя кіёскі. Калі на сённяшні дзень, да радасці гараджанаў, дзе-нідзе кіёскі ўсё яшчэ функцыянуюць, то да канца года іх не застанецца зусім. Што жа будзе на месцы ліквідацыі?
Як паведаміла парталу interfax.by начальнік аддзела тэхнічнага нагляду па тэхнічным рамонце і ўтрыманню Гаррамаўтадара Менгарвыканкама Марыя Еўсякова, «на месцы кіёскаў будуць падстрэшкі! У нас праведзены тэндэр і вызначаныя чатыры падрадчыка, якія будуць займацца вырабам і мантажом падстрэшкаў на прыпынкавых пунктах».
Акрамя таго, у Гаррамаўтадары Менгарвыканкама распавялі, што да канца года плануецца завяршыць добраўпарадкаванне прыпынкавых пунктаў. Гэта значыць менчукам прыйдзецца яшчэ некалькі месяцаў чакаць, пакуль прыпынкі прывядуць у парадак. А пакуль прыйдзецца чакаць сканчэння дажджу пад бліжэйшымі дрэвамі і выпрабоўваць шэраг іншых нязручнасцяў. Асабліва цяжка прыйдзецца пажылым людзям, для якіх чаканне аўтобуса на прыпынку без элементарнага зэдля і падстрэшка становіцца вялікай праблемай.
Пры гэтым сума, у якую абыйдзецца такое «добраўпарадкаванні» гарадской казне, не паведамляецца, хаця раней прыпынкі ў горадзе добраўпарадкоўвалі за свой рахунак уласнікі камерцыйных кіёскаў.