9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: «Псыхалягічныя катаваньні будуць пашырацца»

5

Барысаўчанка Алеся Ясюк заявіла ўчора пра зьдзек і катаваньні з боку міліцыі. Камэнтуючы гэтую інфармацыю сацыял-дэмакрат і былы палітвязень Мікола Статкевіч кажа, што сам перанёс такі ж зьдзек у турме на Акрэсьціна пасьля затрыманьня за акцыю 1 траўня ў Менску.

“Відаць распрананьне апошнім часам міліцыянты ўпадабалі... 1 траўня ўпершыню ў адміністрацыйнай турме мяне распраналі што называецца зусім... Што яны шукалі, невядома. Думаю, што гэта была спроба псыхалягічнага ціску. Пасьля суду мяне тры разы абшукалі, адзін раз да трусоў, а потым захацелі вывучыць усяго... Я й не такое бачыў, і параіў ім глядзець больш уважліва з усіх бакоў. Тады яны спыніліся... Але жанчына рэагуе відаць іначай”, - кажа ў інтэрвію “Радыё Свабода” апазыцыйны палітык.

Паколькі “спэктаклі з распрананьнем” адбываліся ў розных установах: і ў турме на Акрэсьціна, і ў РУУС, Мікола Статкевіч мяркуе, што яны маюць нейкага адзінага рэжысэра ў вярхох.

“Такое ўражаньне што ўлада ўпэўнілася, што папярэдні ўзровень рэпрэсіяў не працуе, і трэба ўздымаць яго. Але павялічваць колькасьць палітвязьняў сабе даражэй. І таму спрабуюць дабаўляць псыхалягічныя катаваньні. Так што трэба чакаць працягу распрананьняў”, упэўнены Мікола Статкевіч.

Нагадаем, дэмакратычная актывістка Алеся Ясюк была затрыманая ў нядзелю на вуліцы Багдановіча ў Менску за некалькі налепак з надпісам “Байкот”.

У Цэнтральным РУУС людзі ў цывільным зь відэакамэрай учынілі ёй асабісты вобшук з распрананьнем, здымаючы ўсё на камеру. Алена патрабавала, каб мужчыны выйшлі з пакою. Але ніхто яе не паслухаў. Калі яе пратрымалі больш за 3 гадзіны, яна запатрабавала, каб яе адпусьцілі. Але ў адказ яе пачалі палохаць, што завязуць у турму на Акрэсьціна і пасадзяць у адну камэру з бамжамі. Пратрымаўшы 6 гадзінаў, Алесю адпусьцілі без складаньня пратаколу. Усім працэсам, паводле Алесі Ясюк, кіраваў маёр Анатоль Шытыка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках