Вайна на Каўказе прымусіла Польшчу хутчэй размясціць амэрыканскую СРА
7- 15.08.2008, 8:15
ЗША і Польшча ў чацвер падпісалі дамову аб размяшчэнні элементаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны на польскай тэрыторыі.
Подпісы пад дакументам паставілі намеснік дзяржсакратара ЗША па пытанні аб кантролю над узбраеннямі і міжнароднай бяспекі Джон Руд і намміністра замежных справаў Польшчы Анджэй Крэмер.
Амэрыканцы маюць намер размясціць радар у Чэхіі і дзесяць ракетаў-перахопнікаў у Польшчы для абароны ад магчымай ракетнай пагрозы з боку Ірану.
Раней адной з умоваў магчымай дамовы з ЗША па СРА Варшава называла мадэрнізацыю свайго войска і сыстэмы СПА пры падтрымцы Вашынгтону.
Злучаныя Штаты ўжо дасягнулі дамоўленасці па СРА з Чэхіяй - 8 ліпеня дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс і міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг падпісалі адпаведную дамову. Тэрыторыя пад амэрыканскі аб'ект СРА на палігоне Брды ўжо агароджаная і ахоўваецца чэскімі вайскоўцамі. Радар павінен быць гатовым да эксплуатацыі да 2014 году.
МЗС Расеі пасля падпісання дамовы паміж ЗША і Чэхіяй заявіў, што набліжэнне стратэгічнага арсеналу ЗША да тэрыторыі РФ можа паслабіць абаронны патэнцыял стрымлівання Расеі, якая ў такой сытуацыі будзе прымаць адэкватныя меры для кампенсавання пагрозы.
Як адзначылі тады ў расейскім МЗС, калі дамоўленасці з ЗША, што падлягаюць ратыфікацыі ў чэскім парламенце, набудуць юрыдычна абавязальны характар і ля расейскіх межаў пачнецца рэальнае разгортванне амэрыканскай стратэгічнай СРА, то Масква будзе змушанай "рэагаваць не дыпламатычнымі, а вайскова-тэхнічнымі метадамі".
Амбасадар РФ у Менску Аляксандар Сурыков не выключыў 6 жніўня, што Расея можа перагледзець падыходы да вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Беларуссю ў выпадку рэалізацыі плянаў ЗША па размяшчэнні элементаў сваёй сыстэмы СРА ў Еўропе.
Дыплямат дапусціў, што ў Беларусі могуць быць размешчанымі супрацьракетныя комплексы "Іскандэр" і стратэгічныя бамбавікі.
Пры гэтым амбасадар падкрэсліў, што Расея не верне ў Беларусь ядзерную зброю.
Дональд Туск: «Пасля таго, што здарылася на Каўказе, рэальныя гарантыі бяспекі Польшчы незаменныя»
Напярэдадні падпісання дамовы па СРА прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў:
«Я ня буду казаць аб поспеху, пакуль атрамант яшчэ не высах, але інфармацыя, якую мы атрымліваем (з Вашынгтону), робіць прыняцце маім урадам прапановаў Злучаных Штатаў больш магчымым, чым яшчэ пару тыдняў таму».
Туск падкрэсліў, што паводзіны Расеі падчас апошніх баявых дзеянняў толькі пацвярджаюць правасць Варшавы, якая асцерагаецца пагаршэння зносінаў з Масквой па пытанні аб СРА.
«Пасля таго, што здарылася на Каўказе, можна дакладна сказаць, што рэальныя гарантыі бяспекі Польшчы ў выпадку размяшчэння аб'ектаў СРА ЗША незаменныя. Здаецца, у Злучаных Штатах гэтыя аргументы зараз схільныя прымаць сур'езна», – прыводзіць словы Туска агенцтва Reuters.