10 чэрвеня 2026, Серада, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генштаб РФ прызнаў: сярод расейскіх жаўнераў у Грузіі былі тэрмінавікі

1

У складзе расейскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з Грузіяй, прысутнічалі вайскоўцы тэрміновай службы. Аб гэтым паведаміў "Інтэрфаксу" прадстаўнік Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага кіравання Генштабу ВС РФ генерал-маёр Іван Барадзінчык.

"У нас рэальна ў баявых дзеяннях была і малазначная колькасць заклічнікаў. У асноўным - з тых частак, якія дыслакаваныя ў раёне Ўладзікаўказу", - заявіў ён у сераду.

Ён удакладніў, што дадзеныя вайскоўцы тэрміновай службы ўваходзілі ў склад сілаў, накіраваных на ўзмацненне «міратворчай» групоўкі ў Паўднёвай Асеціі.

Па словах генерала, закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе дазваляе прыцягваць падрыхтаваных вайскоўцаў тэрміновай службы да вядзення баявых дзеянняў.

"Паводле закону аб вайсковым абавязку і вайсковай службе, грамадзяне, вайскоўцы, што праслужылі ня менш за шэсць месяцаў і атрымалі вайскова-уліковую спецыяльнасць, гэта значыць, навучаныя, могуць удзельнічаць у баявых дзеяннях", - растлумачыў генерал.

Аднак раней эксперты заяўлялі, што паводле закону нават падрыхтаваных тэрмінавікоў нельга накіраваць у зону вайсковых дзеянняў, не падпісаўшы папярэдне з імі кантракт.

"Паводле закону заклічнікаў нельга пасылаць за мяжу, а таксама ў зоны вайсковых дзеянняў", - тлумачыла сакратар Звязу камітэтаў маці жаўнераў Валянціна Мельнікава. - Выслаць іх туды можна толькі праз паўгады службы, папярэдне падпісаўшы з імі кантракт". Эксперты зазначалі, што тэрмінавікоў маглі выслаць у зону грузіна-асяцінскага канфлікту не па памылцы, а ўсвядомлена - у парушэнне закону.

Раней у Мінабароны РФ таксама аспрэчвалі паведамленні СМІ аб тым, што ў Паўднёвай Асеціі разам з кантрактнікамі ваююць вайскоўцы тэрміновай службы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках