ПДР сталі больш жорсткімі: за кіраванне ў нецвярозым стане вынесены штраф у 15 тысячаў даляраў
21- 26.08.2008, 12:05
24-гадовы жыхар Светлагорскага раёну за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане павінен будзе выплаціць штраф у 900 базавых велічынь — 31,5 мільёна рублёў (каля 15 тысячаў даляраў).
— Мала таго, што ён супрацівіўся, дык яшчэ і адмовіўся дабраахвотна прайсці агляд, — паведаміў «КП у Беларусі» в.а. пракурора Калінкавіцкага раёну Аляксандар Змушко. — Прыйшлося рабіць гэта прымусова. Ні на следстве, ні на судзе віны сваёй не прызнаваў. Толькі калі пачуў аб пакаранні, пагадзіўся, што вінаваты. Парушальнік ён сапраўды злосны, караць было за што: да гэтага ён ужо пяць разоў прыцягваўся за парушэнне ПДР.
Да самога віноўніка датэлефанавацца не атрымалася. Ягоны бацька — былы міліцыянер — сказаў, што сын з'ехаў паступаць у вучэльню ў іншы райцэнтар.
— Не ведаю, як ён збіраецца выплочваць штраф, хлопец жа беспрацоўны, — разважае мясцовы ўчастковы. — Асабліва нічога дрэннага сказаць аб ім не магу: раней ён працаваў, калегі адклікаліся добра, хлопец ён працавіты. Але хмелем галаву задурыць — і панеслася…
Штраф мог быць і большым
— Яшчэ нядаўна за такія злачынствы парушальнікі атрымлівалі мінімальныя штрафы, але гэтая практыка шкадавання ні да чаго не прывяла: патэнцыйныя забойцы па-ранейшаму садзяцца за руль, — кажа Аляксандар Змушко. — Таму калегія Генеральнай пракуратуры вырашыла ўзмацніць жорсткасць пакарання. Раней у Беларусі такіх вялікіх штрафаў кіроўцы не атрымлівалі. Але штраф мог быць і максымальным — 1000 базавых велічынь, гэта значыць, 35 мільёнаў рублёў.