9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракуратура закрыла вочы на масавыя парушэнні выбарчага заканадаўства

3

Амаль праз паўтары месяцы Генеральная пракуратура адказала лідэрам апазыцыйных палітычных партыяў на ліст, у якім указваліся факты парушэння выбарчага заканадаўства і аказання ціску на актывістаў апазыцыі.

Ліст быў перададзеным ў Генеральную пракуратуру яшчэ 17 ліпеня старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, першым сакратаром ЦК Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным, першым намеснікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам і намеснікам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігарам Рынкевічем.

Лідэры партыяў прасілі Генпракурора Рыгора Васілевіча аб неадкладнай сустрэчы і прыводзілі факты парушэння выбарчага заканадаўства, здзейсненыя ў дачынені да дэмакратычных актывістаў прадстаўнікамі выканаўчай улады і супрацоўнікамі спецслужбаў. У прыватнасці, у звароце згадвалася незаконнае звальненне за намер высунуцца кандыдатамі ў дэпутаты парламента ад спісу АДС чальцоў Партыі БНФ Алеся Меха і Лявона Аўтухова. Пераслед падаткавымі ворганамі Гомельскай вобласці чальцоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міколы Гаўрыленкі, Лявона Судаленкі і чальцоў іхніх сем'яў. Затрыманне і сямісуткавы арышт моладзевага актывіста АГП Міхася Пашкевіча.

Акрамя таго, лідэры АДС патрабавалі спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія асабліва ўзмацніліся пасля выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня.

«Гэтае злачынства, арганізатары і выканаўцы якога ня знойдзеныя, улады выкарысталі для запалохвання дэмакратычных актывістаў. Выклікі ў КДБ і допыты прадстаўнікоў АДС налічаюцца ўжо дзясяткамі», - гаварылася ў дакуменце.

У атрыманым з Генеральнай пракуратуры лісце ўказваецца, што падчас праверак ніякіх парушэнняў заканадаўства выяўлена не было. З адказу, напрыклад, вынікае, што звальненне Алеся Меха, выклікалае шырокі грамадзкі рэзананс, адбылося ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі Працоўнага кодэксу.

«У звязі з гэтым, пракурорам раёна было прынятым рашэнне аб адмове ў распачацці крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка прадпрыемства, у звязі з адсутнасцю ў ягоных дзеяннях складу злачынства», - гаворыцца ў адказе Генпракуратуры.

Не пацвердзілі пракурорскія праверкі і фактаў ціску на іншых дэмакратычных актывістаў.

Што тычыцца затрыманняў прадстаўнікоў апазыцыі ў звязі з выбухам у Менску, то з ліста вынікае, што гэткім чынам следства адпрацоўвала версію «аб здзяйсненні паказанага злачынства ў мэтах дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне». Пры гэтым ніякіх працэсуальных парушэнняў пракуратурай выяўлена не было.

«Выклікі для допытаў паказаных асобаў, а таксама затрыманні некаторых з іх адбываліся на законных падставах, пры захаванні нормаў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства», - указваецца ў адказе.

Лідэры партыяў расцэньваюць дадзены адказ як фармальны. Да таго ж, ён прыйшоў пазней усталяванага законам «Аб зваротах грамадзянаў» месяцовага тэрміну. Тым сама Генеральная пракуратура як ворган, што абавязаны сачыць за захаваннем заканадаўства, сама парушыла Закон.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках