Партыю БНФ прымушаюць зняць бел-чырвона-белы сцяг з будынка офіса
4- 5.08.2008, 9:22
ЖРЭА Савецкага раёна Менска запатрабавала ад партыі БНФ зняць з фасада будынка, у якім размяшчаецца партыя, бел-чырвона-белы сцяг.
У адваротным выпадку з Партыяй БНФ можа быць скасаваная дамова на арэнду памяшкання. Офіс на Машэрава,8, у якім размяшчаецца Ўправа БНФ, з'яўляецца месцам, дзе традыцыйна праводзіць свае шматлікія сходы апазіцыя.
У лісце, які атрымала Партыя БНФ, гаворыцца, што «УП ЖРЭА Савецкага раёна г.Менска абавязвае Вас зняць вывешаныя на фасадзе сцягі, у адваротным выпадку тэрмін дзеяння заключаных з Вамі дамоў арэнды падаўжацца не будзе». Ліст падпісаў дырэктар УП «ЖРЭА Савецкага раёна г. Менска».
Офіс Партыі БНФ характэрны тым, што гэта адзінае памяшканне ў цэнтры горада, у якім можа збірацца беларуская апазіцыя. Шматлікія апазіцыйныя сходы, а таксама прэс-канферэнцыі, праводзяцца менавіта тут.
Кіраўніцтва Партыі БНФ лічыць, што патрабаванне ЖРЭА Савецкага раёна Менска парушае арт. 21 «Закона аб палітычных партыі», у адпаведнасці з якой партыя мае права прапагандаваць свае ідэі. «А бел-чырвона-белы сцяг – адна з найважных ідэй Партыі БНФ», - тлумачаць у апазіцыйнай партыі.
«Я напісаў ліст начальніку ЖРЭА, у якім паказаў на беспадстаўнасць высунутага патрабавання. У дамове арэнды, якую мы склалі, няма становішчаў аб тым, што ён можа быць скасаваны, калі на фасадзе партыі прысутнічаюць якія-небудзь атрыбуты. Таму ў падрыхтаваным лісце я папрасіў прывесці нарматыўныя акты, на падставе якіх ЖРЭА высунула сваё патрабаванне, -- заявіў у інтэрв'ю «БДГ» лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. -- Пагрозы скасаваць дамову арэнд паступалі да нас і раней. Нам пагражалі скасаваць дамову, не прад'яўляючы пры гэтым ніякіх матывіровак. Нас вінавацілі ў тым, што мы займаемся нейкай камерцыйнай дзейнасцю, і на гэтай падставе таксама жадалі скасаваць дамову.
Цяперашнюю сітуацыю я разглядаю як спробу адцягнуць партыю ад надзённых пытанняў у перыяд парламенцкай кампаніі, калі ў нас па зразумелых прычынах іншых спраў звышдастаткова.
Чаму для нас важны менавіта гэты офіс? Офіс, у якім сёння размяшчаецца Ўправа БНФ, важны не толькі для нашай партыі, але і для партый, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці Аб'яднаных дэмакратычных сіл. Нягледзячы на тое, што гэты офіс стаў абыходзіцца нам досыць дорага, гэтае адзінае месца ў цэнтры Менска, якое можна лёгка знайсці, і дзе кожны жадаючы можа атрымаць інфармацыю аб працы дэмакратычных сіл».