У турме на Акрэсціна абвешчаная галадоўка (Фота)
5
10:37, — Палітыка
Лідэры «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, арыштаваныя ўчора ў Менску, абвясцілі галадоўку ў турме на Акрэсціна. Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паўла Кур’яновіча тым часам збіраюцца судзіць у судзе Маскоўскага раёну Менску.
Учора ўвечар супрацоўнікі АМАПу, міліцыі і КДБ уварваліся ў штаб-кватэру «Маладога Фронту» на вуліцы Караля ў Менску. Пры пранікненні міліцыянеры ўзламалі двое ўваходных дзвераў штаб-кватэры. Былі арыштаванымі лідэры арганізацыі Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, а таксама чацвёра актывістаў «Маладога Фронту» і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Кур’яновіч.
Як паведаміў напярэдадні арышту прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Артур Фінькевіч, сілавікі дзяжурылі ля кватэры, якую арандуюць актывісты «Маладога Фронту», на працягу гадзіны. Затым яны пазванілі ў дзверы і запатрабавалі адчыніць. Пры гэтым яны не прад'яўлялі ордэраў на ператрус, а проста заявілі, што да іх паступіў ананімны званок, нібыта ў кватэры знаходзіцца труп. Калі ім не адчынілі дзвераў, міліцыянеры і АМАП пачалі іх узломваць прыладай, падобнай на кавадлу. Пасля ператрусу ўсіх, хто знаходіўся ў кватэры, арыштавалі. Іх пасадзілі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў РУУС Маскоўскага раёну. Мабільныя тэлефоны затрыманых выключаныя.
Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Павел Кур’яновіч з Маскоўскага РУУС Менску адпраўленыя ў турму на Акрэсціна. Іх пратрымалі ў міліцыі да 2 гадзінаў ночы. Астатніх затрыманых вызвалілі без складання пратаколаў. У іх узялі адбіткі пальцаў, а таксама знялі іх на фота і відэа.
Вядома, што Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч былі прысуджанымі завочна да 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі 1 траўня, прымеркаванай да ўгодак пашырэння Еўрапейскага Звязу. Тады за тое, што актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» вышлі на вуліцы з еўрапейскімі сцягамі», былі затрыманымі больш за 30 чалавек.





Фота Bymedia.net
Навіны
па тэме





