Беларусы не выйгралі, але вышлі ў плэй-оф адборачнага турніру ЧЕ
1- 10.09.2008, 10:00
Маладзёвая зборная Беларусі па футболе (узрост гульцоў да 21 года) з другога месца ў сваёй групе выйшла ў плэй-оф адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2009.
9 верасня ў Рызе падапечныя Юрыя Курненіна згулялі ўнічыю 0:0 з камандай Латвіі, па выніках васьмі сустрэчаў набралі 17 балаў і ўвайшлі ў лік 14 камандаў, якія разыграюць сем пуцёвак у фінал еўрапейскага першынства. У адпаведнасці з рэгламентам у плэй-оф патрапілі пераможцы 10 адборачных групаў (Італія, Турцыя, Ангельшчына, Гішпанія, Швейцарыя, Фінляндыя, Аўстрыя, Сербія, Нямеччына, Уэльс) і чатыры каманды, якія занялі другія месцы з лепшымі паказнікамі (Харватыя, Беларусь, Ізраіль, Францыя), паведамляе БелаПАН.
Выніковае становішча ў 8-й групе: Сербія — 17 балаў, Беларусь — 17, Вугоршчына — 12, Латвія — 11, Сан-Марына — 0. Сербія узнялася вышэй за Беларусь за кошт станоўчага балансу асабістых сустрэчаў (3:1 дома, 1:1 у гасцях).
Лёсаванне параў плэй-оф адбудзецца 12 верасня, матчы запланаваныя на 11-15 кастрычніка. Фінальны турнір пройдзе з 15 па 23 чэрвеня 2009 года ў Швецыі.