10 чэрвеня 2026, Серада, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За пікет у гарвыканкама міліцыянты склалі пратакол на інваліда-вазочніка

6

Сёньня ў Магілёве інвалід-вазочнік Уладзімер Вусікаў пікетаваў гарвыканкам. Ён патрабаваў, каб яго аднавілі ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла, а таксама кампэнсавалі кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэньне.

За правядзеньне акцыі пратэсту міліцыянты склалі на інваліда пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Цяпер яго чакае суд. Супрацоўнікі ж гарадзкой управы сацыяльнай абароны патлумачылі пікетоўцу, што ў чарзе на атрыманьне жытла ён стаіць першы, проста яму яшчэ не пасьпелі пра гэта паведаміць, паведамляе “Радыё Свабода”.

Уладзімер Вусікаў разгарнуў свой пікет на пляцоўцы перад гарвыканкамам а дзясятай раніцы. Да свайго вазка ён прымацаваў два плякаты: “Ганьба лукавым льготам!” і “Хто скраў мае льготы?”, перад сабой паклаў трэці — “Абвяшчаю галадоўку”. У руках ён трымаў чацьвёрты — з патрабаваньнямі:

“Выдзеліць сацыяльнае жытло й кампэнсаваць кошт санаторна-курортнай пуцёўкі. Я стаяў чатыры гады на сацыяльнае жытло. Яшчэ не было ні пастановаў, нічога, і мне павінны былі выдзеліць сацыяльнае жытло. Безь ніякага спавешчаньня мяне зьнялі. Я пратэстую й абвяшчаю галадоўку. Я інвалід першай групы. У мяне мітральны кляпан стаіць штучны, і ў мяне ампутаваныя дзьве нагі”, -- распавёў пікетчык для “Радыё Свабода”.

Празь пятнаццаць хвілін да Ўладзімера Вусікава выйшла начальніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Ала Галушка са сваім намесьнікам. Спадарыня Галушка прапанавала інваліду згарнуць пікет і пагаварыць ужо ў гарвыканкаме. Пікет Вусікаў згарнуў, аднак гутарка з чыноўнікамі, а потым зь міліцыянтамі й супрацоўнікамі ўправы сацыяльнай абароны насельніцтва адбылася тут жа, на месцы акцыі пратэсту.

Міліцыянты зьявіліся ля пікетоўца амаль адначасова з супрацоўнікамі ідэалягічнага аддзелу й склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за несанкцыянаванае мерапрыемства. Пра дзень суда Ўладзімеру Вусікаву паведамяць позвай.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках