Усіх абанентаў МТС і Velcom пазбавяць занальнага кода 029
20- 23.09.2008, 8:35
У канцы верасня-пачатку кастрычніка Міжведамасны кардынацыйны савет пры Мінсувязі разгледзіць пытанне аб пераводзе абанентаў аператараў мабільнай сувязі МТС і Velcom на нумары ў асобных нумарных зонах.
Аб гэтым БелаПАН паведаміў начальнік упраўлення электрасувязі Мінсувязі Юры Шпак. Паводле яго словаў, у апошні час быў прыняты шэраг рашэнняў, а таксама праведзены аналіз, які патрабуе дадатковага разгляду гэтага пытання як з пункту гледжання выдаткаў аператараў, так і з пункту гледжання "пераноснасці" нумароў абанентаў. На паседжанні савета будуць разгледжаныя ў тым ліку і тэрміны рэалізацыі вызначаных планаў.
Раней Мінсувязі рэкамендавала аператарам сотавай сувязі МТС і Velcom забяспечыць перавод усіх абаненцкіх нумароў у асобныя занальныя коды "033 "і "044" адпаведна. Перавесці існуючых абанентаў у новыя зоны нумарацыі планавалася яшчэ ў 2007 годзе, аднак гэты працэс крыху зацягнуўся ў сувязі з вывучэннем магчымасці "пераноснасці" нумароў.
Як патлумачылі ў Мінсувязі, перавод усіх абанентаў аператараў мабільнай сувязі МТС і Velcom на новыя занальныя коды плануецца ажыццявіць у першую чаргу для зручнасці абанентаў - каб было зразумела, паслугамі якога менавіта аператара карыстаецца той або іншы абанент. "Раней было зразумела, што нумары на "6" адносяцца толькі да сеткі Velcom, а нумары на "7" - толькі да сеткі МТС, але затым развіццё аператараў запатрабавала новага нумарнога рэсурсу, і ў абодвух аператараў з'явіліся абаненцкія нумары, якія пачыналіся з аднолькавых лічбаў з адзіным кодам "029", - патлумачыў Ю.Шпак.
Таму было прынятае рашэнне, што аператары МТС і Velcom атрымаюць асобныя занальныя коды. У красавіку 2007 году яны іх атрымалі і ў ліпені-жніўні пачалі падключаць новых абанентаў на тэлефонныя нумары ў асобных зонах (+375336XXXXXX для МТС і +375447XXXXXX для Velcom). Аднак прыняцце рашэння па пытанні аб поўным пераводзе ўсіх існуючых абанентаў у новыя зоны затрымлівалася.
Чакаецца, што пасля рэалізацыі вызначаных планаў кожны з беларускіх аператараў сотавай сувязі атрымае ўласную зону нумарацыі: у "029" застанецца працаваць Diallog ("Белсел"), "025" ужо замацаваная за БЕСТ, а МТС і Velcom пяройдуць на "033" і "044" адпаведна.
З пачатку 2008 года агульная колькасць абанентаў сотавай сувязі ў Беларусі вырасла на 500 тысяч і па стане на 1 жніўня перавысіла 7,5 мільёна. Сотавай рухомай электрасувяззю ахопленае звыш 90,6% тэрыторыі краіны, на якой пражывае больш за 97,8% насельніцтва, у тым ліку 100% - гарадскога.
У цяперашні час у Беларусі дзейнічаюць чатыры аператары сотавай сувязі. У стандарце GSM працуюць Velcom, "МТС" і "БЕСТ", у стандарце CDMA - "БелСел" (гандлёвая марка Diallog). Найбольшая колькасць абанентаў у беларуска-расейскага СТАА "МТС".