9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Кожны сам вырашае, хто ён»

6
Віктар Івашкевіч: «Кожны сам вырашае, хто ён»

«Беларус становіцца перад выбарам – ці ён будзе толькі бухцець на кухні, пісаць каментары ў інтэрнэце ці асабіста здзейсніць учынак», -- лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

«Партыя БНФ заявіла, што «парламенцкія» выбары нельга лічыць свабоднымі і дэмакратычнымі. Такую ж заяву зрабіла і палітрада АДС. Мы заклікаем людзей выйсці на плошчу, прадэманстраваць сваё непрыняцце гэтага выбарчага фарсу і запатрабаваць правесці новыя, свабодныя выбары», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 палітык.

Паводле словаў Івашкевіча, 28 верасня акцыя праводзіцца і для таго, каб дабіцца непрызнання гэтых «выбараў» еврапейскімі структурамі.

«Таму што ёсць асобныя групы ў Еўропе, якія хацелі б прызнаць гэтыя «выбары» незалежна ад іх дэмакратычнасці. Тыя, хто супраць гэтага, павінны выйсці на плошчу. Беларус становіцца перад выбарам – ці ён будзе толькі бухцець на кухні, пісаць каментары ў інтэрнэце ці асабіста здзейсніць учынак. І гэты выбар стаіць перад кожным», -- лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ.

«Я хажу на акцыі з 1987 года. Тады мне казалі, што, маўляў, савецкая сістэма непарушная, але масавы выхад людзей на вуліцы ў жніўні 1991 года скончыўся зменай рэжыму, Беларусь набыла незалежнасць, кампартыя была забароненая, а беларусы атрымалі дэмакратычныя свабоды. Кожны чалавек выбірае сваю форму барацьбы са злом. Але выхад 28 верасня ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Менску датычыць усіх. Гэта дэманстрацыя пазіцыі. Калі пазіцыя апусціць рукі і замкнуцца ва ўнутранай эміграцыі, дык я такую пазіцыю не падтрымліваю. Выхад на плошчу -- гэта маральны выбар і псіхалагічная праява сваёй нязгоды з рэжымам, з тым падманам, што адбываецца. Кожны сам вырашае, хто ён: той, хто апусціў рукі і махнуў на сябе, ці той, хто гатовы змагацца за сваю будучыню», -- адзначыў Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках