1000-годдзе Літвы адзначаюць у Беларусі (Фота, вiдэа)
10- 23.10.2009, 13:43
Міленіум Літвы - нашае агульнае свята з суседнімі народамі, з якімі ў беларусаў адна гісторыя.
Мастацкая выстава «Міленіум» адкрылася ў менскім Палацы мастацтва 22 кастрычніка. У экспазіцыі дэманструецца каля тысячы твораў выяўленчага мастацтва больш чым 300 аўтараў.
Кіраўнік творчай суполкі «Пагоня», якая выступіла ініцыятарам правядзення ў Менску выставы «Міленіум», Аляксей Марачкін у інтэрв'ю сайту www.charter97.org выказаў упэўненасць, што беларусы не павінны заставацца ўбаку ад свайго мінулага.
«Да гэтай выставы, якая прысвечаная 1000-годдзю назвы Літва, мы рыхтаваліся доўга, -- кажа беларускі мастак. -- Важна тое, што ВКЛ – гэта нашыя агульныя землі, якія звязваюць народы Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы. Мы маем агульную гісторыю, і, каб не абвінавачваць сябе ў бяспамяцтве, не павінны заставацца ўбаку ад такой даты. ВКЛ з'яўлялася правобразам Еўразвяза, дзе не было малодшых і старэйшых народаў-братоў. На прыкладзе Літвы, якая грандыёзна адзначыла гэтую дату, бачна, наколькі важныя такія падзеі. Беларусы не павінны забываць сваю вялікую гісторыю. Трэба ўлічваць хаця б тое, што Статут ВКЛ быў напісаны на беларускай мове».
Па словах Аляксея Марачкіна, выстава «Міленіум» зробленая выключна дзякуючы энтузіязму беларускіх мастакоў. Міністэрства культуры «не ўклала ў экспазіцыю ні капейкі».
«Увогуле гэтая выстава праводзіцца сумесна з Міністэрствам культуры, -- адзначае мастак. -- Спачатку мы хацелі яе назваць «Да 1000-годдзя летапіснай Літвы». Аднак у Мінкульце палічылі, што слова «Літва» лепш выключыць з назвы. Не ведаю, як гэта ацэньваць: можа быць, улады праяўляюць асцярогу, ці не хочуць пакрыўдзіць суседа… Але на адкрыцці выставы я не ўбачыў ніводнага прадстаўніка Міністэрства культуры. Калі нават яны былі, ніхто з іх не папрасіў слова. Выстава зробленая без аніякай дапамогі беларускіх уладаў. Яны не ўклалі ў яе ні капейкі. Усё гэта зроблена на энтузіязме беларускіх мастакоў».
Аляксей Марачкін выказаў падзяку прадстаўнікам замежных амбасадаў, якія наведалі «Міленіум».
«Прыемна, што былі літоўскі і швецкі амбасадары, прадстаўнікі амерыканскай амбасады. Выстава застанецца ў гісторыі як сведчанне таго, што мы не прайшлі міма гэтай даты. Але, адзначу, што беларускія ўлады абыйшлі святочную дату бокам. Апроч таго, яны рабілі ўсё, каб замоўчаць факт існавання такой выставы. І падобная сітуацыя сёння назіраецца ва ўсёй сферы культурнага жыцця Беларусі. Чыноўнікі працягваюць жыць па савецкіх канонах. Ёсць загад «галоўнакамандуючага» – кажам. Няма загаду – замоўчваем».
Падчас адкрыцця выставы «Міленіум» першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца таксама адзначыў, што да выставы беларускія мастакі «ішлі тысячу гадоў». Паводле яго словаў, не варта забываць, што міленіум Літвы — «нашае агульнае свята з суседнімі народамі, з якімі ў беларусаў агульная гісторыя, звернутая ў будучыню».
Паводле яго словаў, на выставе прадстаўленыя творы мастакоў, якія «у ідэю нацыянальнага адраджэння ўклалі сваё жыццё, сэрца і душу».
Да юбілейнай даты БСМ заснаваў памятны медаль, якім узнагароджаны шэраг выбітных дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх — пісьменнікі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Ніл Гілевіч, музыка Віктар Скарабагатаў, мастакі Гаўрыіл Вашчанка, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Уладзімір Басалыга, Міхась Басалыга, Уладзімір Вішнеўскі, а таксама пасмяротна Міхась Раманюк і Яўген Кулік.
Выстава будзе адкрытая да 15 лістапада. Запланаваная вялікая культурная праграма, якая ўключае сустрэчы з навукоўцамі, мастакамі, музыкамі і артыстамі, а таксама грамадскае абмеркаванне.
Адкрыццё выставы суправаджалася выступам фальклорных калектываў і рыцарскіх клубаў.




Мастакі Мікола Купава, Алесь Марачкін і Рыгор Сітніца


Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка

Народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан

Аташэ па пытаннях культуры, адукацыі і інфармацыі Амбасады ЗША у Беларусі Роберт Рыўз (справа)


Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бандарэнка і кіраўнік творчага аб'яднання "Пагоня" Алесь Марачкін






