Апазіцыянераў прысудзілі да арышту за перформанс пра Лукашэнку (Абноўлена)
5- 3.12.2009, 12:56
Моладзевых актывістов Паўла Пракаповіча и Ягора Баброва прысудзілі да 15 сутак арышту, а Андрэя Кузьмінскага – да 7.
Такі прысуд актывістам «Маладой Беларусі» вынесены ў Завадскім судзе Менска. Як паведамляе «Радыё Свабода», суд над Анастасіяй Машчавай перанесены.
Нагадаем, што актывістаў «Маладой Беларусі» Андрэя Кузьмінскага, Паўла Пракаповіча, Анастасію Машчаву і Ягора Баброва затрымалі 2 снежня падчас правядзення ў Менску перфоманса каля ўнівермага «Беларусь». Маладыя людзі ўсталявалі стэнд з намаляваным вусатым чалавекам. Пад карыкатурай было напісана: «Не любіш рэжым – кінь у мяне». Побач са стэндам моладзевыя актывісты паставілі скрыню з яйкамі. Знайшліся жадаючыя і некалькі яйкаў паляцелі ў стэнд.
Неўзабаве ўдзельнікаў акцыі затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі адвезлі моладзевых актывістаў у Завадскі РУУС. Па словах прэс-сакратаркі «Маладой Беларусі» Касі Галіцкай, міліцыянты пагражалі актывістам «Маладой Беларусі» крымінальным пераследам па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Па гэтым артыкуле вінаватым пагражае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.
На ўсіх затрыманых актывістаў «Маладой Беларусі» склалі пратаколы, абвінаваціўшы іх ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Ноч апазіцыянеры правялі ў менскай турме на вуліцы Акрэсціна.