У Берасці апаганены помнік вязням гета
4- 12.05.2009, 8:45
У Берасці ў ноч з 9 на 10 траўня апаганены помнік вязням гета, які размешчаны ў цэнтры горада на скрыжаванні вуліцаў Дзяржынскага і Куйбышава.
"Вандалы спалілі ўсе вянкі і кветкі ля помніка, сам манумент чорны ад сажы, на ім нейкая смала", — распавёў БелаПАН старшыня берасцейскай габрэйскай супольнасці Барыс Брук.
Паводле яго словаў, пра гэта надзвычайнае здарэнне ён даведаўся раніцай 10 траўня ад актывістаў супольнасці, а 11 траўня паведаміў пра яго ў Берасцейскі гарвыканкам, міліцыю, а таксама інфармацыйна-культурны цэнтр амбасады Ізраіля ў Беларусі.
"Сёння на месцы злачынства працавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія заявілі, што па гэтым факце будзе ўзбуджаная крымінальная справа, — сказаў Брук. — На такі беспрэцэдэнтны акт вандалізму ў дні, калі адзначаецца чарговая гадавіна перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, здольныя тыя, каго назваць людзьмі немагчыма. Гэты помнік 34 тысячам жыхароў Берасця, якіх фашысты расстралялі толькі за тое, што яны былі габрэямі. Здзекавацца з іх памяці — значыць расстраляць іх яшчэ раз".