Чаму Лукашэнка так любіць смяротнае пакаранне?
53- 23.06.2009, 15:15
Генеральны пракурор Беларусі заявіў, што пытанне «аб адмене смяротнага пакарання знаходзіцца ў распараджэнні кіраўніка дзяржавы».
23 чэрвеня ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню пракурорскага працаўніка, Рыгор Васілевіч паведаміў, што адмена смяротнага пакарання з'яўляецца «палітыка-прававым пытаннем», піша БелаПАН.
Васілевіч нагадаў, што артыкул 24 Канстытуцыі прадугледжвае выключнае пакаранне ў выглядзе пакарання смерцю. Аднак, паводле яго словаў, на дадзены момант беларускія суды выносяць мінімальную колькасць смяротных прысудаў. Калі ў 1997—1998 гадах было вынесена каля сарака такіх прысудаў, дык ў 2008 годзе — усяго два. Гэтыя людзі былі асуджаныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку забойствы малалетніх, заўважыў генпракурор.
Паводле словаў Васілевіча, рашэнне аб адмене ці ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне ў вялікай ступені залежыць ад уступлення Беларусі ў Раду Еўропы. «Адной з умоваў уступлення Беларусі ў Раду Еўропы павінна быць прыняццё мараторыя на смяротнае пакаранне», — дадаў генпракурор.
Генпракурор адзначыў, што пытанне «аб адмене смяротнага пакарання знаходзіцца ў распараджэнні кіраўніка дзяржавы».
Варта адзначыць, што падчас прэс-канферэнцыі Васілевіча ў Страсбурзе на сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы праходзілі слуханні па Беларусі. Дэпутаты асамблеі прынялі рашэнне аб вяртанні беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ толькі пасля ўвядзення у краіне мараторыя на смяротнае пакаранне.
Канчатковае — юрыдычнае — рашэнне будзе прымаць Бюро Рады Еўропы, паседжанне якога павінна прайсці 7 верасня ў Парыжы.