9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прымушае МУС шукаць «экстрэмістаў», якія арганізавалі выбухі

54

Працу міліцыі дыктатар назваў «правальнай», а нераскрыццё выбуху 3 ліпеня 2008 года – «ганьбай».

У панядзелак на нарадзе з аператыўна-кіраўнічым складам органаў унутраных справаў Аляксандр Лукашэнка адзначыў правалы ў аператыўна-вышуковай, агентурна-аператыўнай працы органаў унутраных справаў, паведамляе «Інтэрфакс».

«Вашыя аператыўныя пазіцыі не вытрымліваюць ніякай крытыкі, у гэтай працы вы страцілі пачуццё рэальнасці і забыліся пра закон», - заявіў Лукашэнка.

Па словах кіраўніка, «замест стварэння эфектыўнага механізму прафілактыкі карупцыі маюць месца факты правакацыяў і падбухторвання службовых асобаў да атрымання хабараў і здзяйснення іншых карупцыйных злачынстваў». У гэтай сувязі Лукашэнка сказаў, што «праверкай выяўленыя 78 фактаў такіх абуральных правакацыяў».

Аляксандр Лукашэнка паставіў у дакор праваахоўным органам краіны адсутнасць вынікаў па расследаванні крымінальнай справы, звязанай з выбухам падчас святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці летась.

«Ужо не ў першы раз мы кажам пра небяспечныя экстрэмісцкія праявы. Трагічны прыклад - гэта беспрэцэдэнтны па сваім цынізме і колькасці пацярпелых выбух 4 ліпеня мінулага года.

Вінаватыя ў яго здзяйсненні да цяперашняга часу не выяўленыя, гэтак жа, як не раскрытыя і выбухі ў Віцебску. Гэта ганьба для праваахоўных органаў», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік лічыць, што органы ўнутраных справаў краіны патрабуюць рэфармавання.

«Я не прыхільнік нейкага ламання, я за рэформу - да ўдасканалення. Рэформа павінна праводзіцца не з мэтай разбурэння, а з мэтай надання большай дынамікі працы органаў унутраных справаў», - заявіў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «рэформа павінна праводзіцца з мэтай узняцця міліцыі на больш высокі ўзровень, ачышчэння яе шэрагаў». «Але міліцыю ні ў якім выпадку не павінны пакрыўдзіць, не апусціць да самой найніжэйшай кропкі», - сказаў А.Лукашэнка. Паводле яго словаў, «неабходна зрабіць яе (міліцыю - ИФ) такой, якая б падабалася б народу, абараняла нашых грамадзянаў».

Лукашэнка таксама запатрабаваў жорстка спыняць факты злачынстваў карупцыйнай скіраванасці сярод складу органаў унутраных справаў.

«Сёлета ў МУС зарэгістраванае 41 злачынства карупцыйнай скіраванасці, у здзяйсненні якіх прыняў удзел 31 супрацоўнік. Найбольш складаная сітуацыя з дысцыплінай асабістага складу захоўваецца ва УУС Гарадзенскага і Віцебскага аблвыканкамаў, дзе колькасць парушэнняў павялічылася на 70% і 47% адпаведна», - заявіў ён.

Па словах кіраўніка, «у асобных выпадках узнікаюць небяспечныя з'явы, калі міліцыя становіцца прыладай ліквідацыі непажаданых службовых асобаў, канкурэнтаў, і выкарыстоўваецца камерсантамі і прадстаўнікамі крыміналу для дасягнення асабістых і карыслівых інтэрасаў».

Па словах Лукашэнкі, «у поле зроку КДБ нядаўна патрапіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Мінінкоў, які арганізаваў умовы для заняцця паляваннем, рыбалкай і яшчэ сім-тым».

Выяўлена, што ў 2003 годзе ён набыў і аформіў на падстаўную асобу сядзібу плошчай больш за 2 га на тэрыторыі Жлобінскага раёна, захапіўшы пры гэтым яшчэ больш за 1 га лясных угоддзяў, самавольна ўзвёў 14 пабудоваў, абзавёўся зграяй з 29 пародзістых сабак і 3-ма дзікамі. Усю гэтую гаспадарку абслугоўвалі мясцовыя жыхары», - сказаў прэзідэнт.

Паводле яго словаў, «на ўласнай базе рэгулярна ажыццяўляліся паляванне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага металургічнага заводу і высокапастаўленых службовых асобаў органаў унутраных справаў, напрыклад, начальніка ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Ермакова».

У гэтай сувязі Лукашэнка заявіў, што «заканадаўствам на КДБ ускладзеныя функцыі контрвыведніцкага забеспячэння органаў унутраных справаў». «Я жалезна патрабую гэта ад старшыні Камітэта дзяржбяспекі», - заявіў ён. Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным, калі «асобныя супрацоўнікі МУС з'яўляюцца актыўнымі чальцамі сумніўных рэлігійных сектаў, уявілі сябе пратэстанцкімі пастарамі».

У прыватнасці, сказаў Лукашэнка, «увайшоўшы ў кіраўніцтва адной з супольнасцяў баптыстаў, афіцэр міліцыі аказваў кансультатыўную дапамогу сваім братам па веры - раскрываў формы і метады правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, арганізаваў у Менску масавае рэлігійнае мерапрыемства, абяцаў уцягнуць у дзейнасць супольнасці курсанцкі і выкладчыцкі склад Акадэміі МУС».

«Мы будзем узмацняць кантроль за праваахоўнай сістэмай, пры гэтым наймоцнейшым, самым жорсткім чынам», - падкрэсліў ён.

«Хачу папярэдзіць: незаконныя спецмерапрыемствы ў дачыненні да грамадзянаў, а тым больш розных кіраўнікоў - гэта для вас прамая дарога ў турму», - падкрэсліў Лукашэнка.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках