23 красавiка 2024, aўторак, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы кідаюць выклік уладзе (Відэа)

17
Праваабаронцы кідаюць выклік уладзе (Відэа)

Нягледзячы на пагрозу турэмнага зняволення, заснавальнікі цэнтра «Вясна» адкрыта заявілі: «Мы будзем абараняць правы беларусаў і без афіцыйнай рэгістрацыі».

Вядомыя беларускія праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч выступілі з наступнай заявай.

«Мы афіцыйна заяўляем, што дзейнічалі і дзейнічаем ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Праваабарончы цэнтр «Вясна» і надалей будзем працягваць дзейнасць ад імя гэтай арганізацыі. Мы гатовыя да любой рэакцыі ўладаў на нашую заяву і, вядома, мы б віталі крокі ўладаў па адмене ганебнага артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ, паколькі ўпэўненыя, што ён парушае Канстытуцыю краіны і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а, перш за ўсё, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Мы ўпэўненыя, што нашая дзейнасць абсалютная легітымная. Мы спадзяемся, што ўлады распачнуць нейкія дзеянні для адмены гэтага артыкула, а не для таго, каб расправіцца з намі. Мы не злачынцы, мы не парушаем чыесьці правы, мы займаемся абаронай правоў чалавека, і гэта абсалютна законна ў любой нармальнай дэмакратычнай краіне», -- заявілі грамадскія дзеячы.

Нагадаем, што 25 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі ў трэці раз вынесла рашэнне пра тое, што праваабарончае грамадскае аб'яднанне «Наша Вясна» не можа быць зарэгістравана ў вызначаным законам парадку. Пад назвай «Наша Вясна» праваабаронцы спрабавалі зарэгістравацца пасля таго, як у 2003 годзе быў ліквідаваны іх цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы заявілі, што прэтэнзіі Мінюста да рэгістрацыі арганізацыі не засноўваюцца на заканадаўстве Беларусі, а існуючую практыку рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў назвалі «абсурдам».

«Беларускія ўлады не хочуць рэгістраваць яе з незаконных, на мой погляд, прычынаў. Мы расцэньваем гэта як сістэматычную дыскрымінацыю праваабаронцаў і будзем падаваць пазоў у Камітэт па правах чалавека ААН. Я выдатна ўсведамляю тое, што ў выніку гэтай заявы я падпадаю пад дзеянне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але я заяўляю, што з рэгістрацыяй ці без яе беларускія праваабаронцы не спыняць сваю дзейнасць», — сказаў адзін з заснавальнікаў «Нашай Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, што па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса РБ у Беларусі ў апошнія годы да пазбаўлення і абмежавання волі, а таксама буйных штрафаў былі прысуджаныя шматлікія актывісты апазіцыі і праваабаронцы – чальцы арганізацыі «Партнёрства», якая праводзіла назіранне за выбарамі, Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук, Аляксандр Шалайка, лідэр арганізацыі «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч, актывісты «Маладога Фронту» Кася Салаўёва, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі, Наста Палажанка, Зміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі і іншыя.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках