9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Лукашэнка бярэ чалавека і пачынае гандляваць яго лёсам»

5

Былы палітвязень Аляксандр Казулін заяўляе, што ЗША занепакоеныя тым, што адбываецца ў Беларусі.

30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра. Увечары таго ж дня Зельцэр пакінуў сцены магілёўскай калоніі №15. А ўжо ў 5.30 раніцы 1 ліпеня былы зняволены беларускай турмы вылецеў на радзіму першым жа магчымым рэйсам. Гэтую падзею Euramost.org пракаментаваў былы палітвязень, кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

30 чэрвеня, за некалькі гадзінаў да вызвалення Зельцэра, вы ўдзельнічалі ў сустрэчы з амерыканскімі кангрэсменамі, якія прыязджалі ў Беларусь. Менавіта ў адказ на іх просьбу Лукашэнка вызваліў Зельцэра. Як вы лічыце, ці разумелі амерыканскія палітыкі, што яны ўдзельнічаюць у гандлі і Зельцэр у гэтым гандлі – разменная манета?

– Я думаю, што яны ўсё выдатна разумелі. Але ў дадзеным выпадку, галоўнае тое, што Эмануіл Зельцэр ужо атрымаў свабоду і пакінуў не толькі калонію, але і Беларусь. Але калі мы размаўлялі з кангрэсменамі, яны асабліва падкрэслілі – тое, што адбываецца ў нашай краіне, у іх выклікае вялікую занепакоенасць. І што яны будуць рабіць усё магчымае для таго, каб прывесці нашую краіну на шлях дэмакратыі.

Вас, па вялікім рахунку, памілавалі ў абмен на нейкія паслабленні рэжыму. Зельцэр стаў прадметам гандлю ў спробе наладжвання адносінаў з ЗША. Вы не думаеце, што падобная практыка можа стаць пастаяннай? Нешта рэжыму трэба – арыштоўваюць зручнага чалавека і пачынаюць гандаль. І так увесь час.

– Вы ўзнімаеце вельмі важную праблему і відавочна, што так, хутчэй за ўсё, і будзе адбывацца. Лукашэнка не бярэ праблему і пачынае яе вырашаць, а ён бярэ чалавека і пачынае гандляваць яго лёсам, спрабуючы такім чынам вырашыць праблему. У гэтым пытанні трэба глядзець у глыбіню і думаць пра тое, як шырока гэтая практыка будзе ў нас ужывацца? Колькі людзей можа стаць ахвярамі гандлю?

Калі амерыканцы разумеюць, што іх уцягнулі ў гандаль, дык якія магчымыя наступствы: ці будзе ЗША усёткі наладжваць адносіны з афіцыйным Менскам ці не? Ці адменяць яны «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», як таго запатрабаваў Лукашэнка?

– Я лічу, што амерыканцы наўрад ці сыдуць з прынцыповых пазіцыяў. Бо калі ад іх патрабуюць, каб яны адмянілі ўсе санкцыі і толькі тады можа пайсці гавока пра павелічэнне штата супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў нашай краіне, дык яны адказалі, што два гэтыя пытанні звязваць не трэба. Таму што колькасць супрацоўнікаў амбасады залежыць у першую чаргу ад таго, якія адносіны ў гэтых двух краінаў. Яны кажуць, што размаўляць пра тое, каб былі вылучаныя крэдыты, грошы для краіны, можна, але спачатку павінна адбывацца нешта канкрэтнае і пазітыўнае ў Беларусі. Гэта яны падкрэслілі асабліва.

Даказваючы сваю невінаватасць, вы вырашыліся на доўгатэрміновую галадоўку ў турме. Гэтак жа паступіў і Зельцэр. А наогул – галадоўка распаўсюджаная з'ява ў месцах зняволення?

– Не. Разумееце, для таго, каб галадаць доўгі час неабходна мець унутраную ўпэўненасць у тым, што ты робіш усё ад чыстага сэрца і быць упэўненым у сваёй праўдзе. Калі гэтага няма – вытрымаць падобнае ў турэмных умовах немагчыма.

Гэта значыць, можна з поўнай упэўненасцю казаць пра тое, што сваёй галадоўкай Зельцэр давёў сваю невінаватасць?

– Абсалютна. Больш за тое, ён быў вельмі абураны тым, што з ім адбываецца. Ён, як адвакат, ніяк не мог зразумець такога стану рэчаў, што закон у нашай краіне наогул не мае ніякі сілы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках